У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, а таксама прызнанне незалежных медыяпрадуктаў экстрэмісцкімі матэрыяламі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае апошнія факты палітычнага пераследу 14 траўня. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Ксяндза Анджэя Бульчака завочна аштрафавалі на 960 рублёў за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў»

Святар заявіў, што заплаціць, але Украіне.

Раней праз пагрозу пераследу Бульчак быў вымушаны пакінуць Беларусь. Позву ў суд ён атрымаў па Viber «у якасці асобы, у адносінах да якой вядзецца адміністрацыйны працэс па ч. 2 арт. 19.11 КаАП».

Праходзяць масавыя ператрусы ў валанцёраў ініцыятыўнай групы Бабарыкі

Падстава — нібыта «зліў дадзеных» ЧКБ і «Карателям Беларуси».

Паводле папярэдняй інфармацыі, у красавіку сілавікі затрымалі аднаго з валанцёраў ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі і зараз прыходзяць па тых кантактах, што знайшлі ў яго запісной кніжцы.

Праваабаронцам паведамілі пра ператрусы ў Дзмітрыя Альшанікава, Таццяны Стрыжнёвай,Сяргея Чыга,Глеба Браіма, Аляксея Буцерава (Віцебск, ператрус быў на тыдні). Вядома, што ператрусы праходзяць і ў іншых людзей.

У Мінску затрыманы Яўген Сарока

ГУБАЗіК паведамляе, што яго затрымалі за ўдзел у акцыях пратэсту, аднак пасля атрымання доступу да яго тэлефона стала вядома, што Яўген нібыта «зліваў дадзеныя сілавікоў у экстрэмісцкія фармаванні».

Яму інкрымінаваны арт. 342 КК (ГУБАЗіК называе яго «ст. 342 УК Белоруссии») і яшчэ некалькі артыкулаў Крымінальнага кодэксу.

Віктара Бабарыку ўтрымлівалі ў штрафным ізалятары 10 сутак

Стала вядома, што палітвязень быў там з 1 па 11 траўня. Яму адмовілі ў сустрэчы з адвакатам 4 і 5 траўня, але 10 траўня яе ўсё ж дазволілі.

Палітвязня Ігара Букаса, асуджанага да 4 гадоў калоніі, перавялі на «турэмны» рэжым

Ігар Букас — жыхар Бабруйска, якога разам з палітзняволеным сынам Алегам Букасам асудзілі па артыкуле 364 КК (Гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі).

Ігар і Алег былі затрыманыя 10 жніўня 2020 года. Непадалёк ад месца, дзе Букасы прыпаркавалі машыну, яны заўважылі іншае аўто і аўто ДАІ. Каля гэтых машын нейкая жанчына прасіла адпусціць кіроўцу. Старэйшы Букас вырашыў пацікавіцца, што адбываецца, і падыйшоў да супрацоўніка ДАІ. У выніку ён і яго сын былі гвалтоўна затрыманы. 27 лістапада 2020 года Ігару прысудзілі 4 гады калоніі, а Алегу — 2 гады калоніі.

Цяпер стала вядома, што Ігару ўзмацнілі рэжым перавялі ў «крытую» турму. Цяпер тэрмін палітвязень будзе адбываць у турме №1.

Крыніца: Ціск на палітвязняў, штрафы, затрыманні. Хроніка пераследу 14 траўня