Заява 27 красавіка Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу прынялі ў двух чытаннях законапраект аб зменах у Крымінальны кодэкс, паводле якога пашыраюцца магчымасці ўжывання смяротнага пакарання. У прыватнасці, прапануецца ўжываць смяротнае пакаранне за падрыхтоўку і замах на злачынствы, прадугледжаныя ч. 2 арт. 124 (Акт тэрарызму ў дачыненні да прадстаўніка замежнай дзяржавы ці міжнароднай арганізацыі), ч. 3 арт. 126 (Акт міжнароднага тэрарызму), ч. 3 арт. 289 (Акт тэрарызму), ч. 2 арт. 359 (Акт тэрарызму ў дачыненні да дзяржаўнага ці грамадскага дзеяча) Крымінальнага кодэкса. 4 траўня паказаны законапраект ухваліў Савет Рэспублікі.

Мы адзначаем, што грамадству не прадставілі выразных абгрунтаванняў неабходнасці пашырэння сферы ўжывання смяротнага пакарання. Аднак каментары дзяржаўных СМІ сведчаць пра тое, што іх мэта — паўплываць на актыўнасць пратэсных дзеянняў супраць удзелу Рэспублікі Беларусь у агрэсіі Расіі супраць Украіны, выкарыстання інфраструктуры і тэрыторыі нашай краіны для судзейнічання агрэсару. Пры гэтым неабходна ўлічваць тую акалічнасць, што жыхары Беларусі пазбаўлены магчымасці законнымі метадамі ўплываць на ўлады ў такой важнай праблеме, якая непасрэдна закранае іх інтарэсы.

Мы патрабуем ад беларускіх улад выконваць міжнародныя абавязацельствы ў галіне права на жыццё. Нагадваем, што п. 2 арт. 6 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, удзельніцай якога з'яўляецца Рэспубліка Беларусь, прадугледжана, што смяротныя прысуды могуць выносіцца толькі за самыя цяжкія злачынствы. Камітэт па правах чалавека ў Заўвагах агульнага парадку № 36 тлумачыў, што тэрмін «самыя цяжкія злачынствы» павінен трактавацца абмежавальна і азначаць толькі злачынствы крайняй цяжкасці, злучаныя з наўмысным забойствам. Камітэт таксама падкрэсліваў, што, паколькі смяротнае пакаранне несумяшчальнае з поўнай павагай права на жыццё, дзяржавы павінны імкнуцца да яго абсалютнага выкаранення дэ-факта і дэ-юрэ. А прыняцце дзяржавамі-ўдзельніцамі мер, якія дэ-факта прыводзяць да павелічэння колькасці выпадкаў і маштабаў ужывання імі смяротнага пакарання ці да скарачэння колькасці выпадкаў падпісання імі памілавання і змякчэння прысуду, супярэчыць прадмету і мэце арт. 6 Пакта.

Мы звяртаем увагу на крытычную недапушчальнасць выкарыстання смяротнага пакарання і пагрозы яго ўжывання як інструменту палітычнага ціску.

Пашырэнне магчымасці ўжывання смяротнага пакарання, асабліва ва ўмовах прававога дэфолту, што склаўся ў краіне, стварае перадумовы для цяжкіх злоўжыванняў, адвольнага прымянення выключнай меры пакарання і пазбаўлення чалавечых жыццяў.   

Мы хочам яшчэ раз звярнуць увагу на тое, што праваабаронцы паслядоўна выступаюць за неабходнасць адмены смяротнага пакарання, у тым ліку ў сувязі з магчымасцю судовай памылкі. Мы перакананы, што менавіта няўхільнасць, а не цяжкасць пакарання, з'яўляецца стрымальным фактарам пры здзяйсненні злачынства.

На падставе сказанага мы патрабуем ад беларускіх улад:

  • адмовіцца ад занясення змен у заканадаўства, накіраваных на пашырэнне выпадкаў ужывання смяротнага пакарання;
  • забяспечыць выкананне сваіх міжнародных абавязацельстваў у галіне правоў чалавека, гарантаваўшы павагу права на жыццё і імкнучыся да поўнага выкаранення смяротнага пакарання, а не пашырэння сферы яго ўжывання.

Мы таксама заклікаем міжнародныя арганізацыі публічна асудзіць гэтыя намеры беларускіх улад, а таксама пераканаць іх адмовіцца ад планаў пашырэння выпадкаў ужывання смяротнага пакарання ў Беларусі.

Беларускі Хельсінкскі Камітэт

Праваабарончы цэнтр «Вясна»

Грамадская кампанія «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання»

Крыніца: Выказваем рашучы пратэст супраць пашырэння магчымасцяў ужывання смяротнага пакарання ў Беларусі