У Гродзенскім абласным судзе 6 траўня вынесены прысуд грамадзянцы Расіі і палітзняволенай Сафіі Сапега, якую абвінавацілі адразу паводле некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэксу.
Справу разглядаў суддзя Віктар Сенько, прадстаўнік дзяржабвінавачання - пракурор Наталля Сокалава.
Сафія Сапега — студэнтка Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту, грамадзянка Расійскай Федэрацыі.
23 траўня 2021 года Сафія вярталася з адпачынку ў Грэцыі разам з блогерам Раманам Пратасевічам. Самалёт авіякампаніі Ryanair, у якім яны ляцелі, прымусілі падманам зрабіць пасадку ў Нацыянальным аэрапорце "Мінск". Там Сафію і Рамана затрымалі.
Сафію Сапега ўтрымлівалі ў СІЗА КДБ, а 24 чэрвеня перавялі на хатні арышт.
20 снежня 2021 стала вядома, што Сафіі выставілі канчатковае абвінавачванне паводле сямі артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
ч. 3 арт. 130 (распальванне варожасці ў складзе групы асоб);
ч. 4 арт. 16 і 364 (арганізацыя гвалту і пагроз у дачыненні да міліцыянтаў);
ч. 4 арт. 16 і 365 (пагрозы, паклёп ці распаўсюд звестак пра міліцыянтаў);
ч. 4 арт. 16 і 366 (арганізацыя гвалту і пагроз у дачыненні да службовых асоб);
ч. 4 арт. 16 і 389 (арганізацыя пагрозы забойствам ці гвалту ў дачыненні да суддзяў);
ч. 4 арт. 16 і 198 (перашкода дзейнасці журналістаў з пагрозай ужывання гвалту);
ч. 1 і 2 арт. 203-1 (наўмысны збор інфармацыі і персанальных звестак іншай асобы).
У канцы снежня 2021 года справа Сафіі накіраваная ў суд. Расследаванне яе справы праводзілася ў Мінску, але справа перададзеная на разгляд у Гродна, магчыма, таму, што Сапега прапісаная ў горадзе Ліда Гродзенскай вобласці.
Па версіі следства, расіянка "сумесна з іншымі асобамі, у тым ліку замежнымі грамадзянамі", адміністравала неназваныя телеграм-каналы.
"Іх дзейнасць была накіраваная на дыскрэдытацыю дзейнай улады Беларусі і яе праваахоўнага блока, распальванне сацыяльнай варожасці, варожасці, а таксама арганізацыю злачынстваў у дачыненні да асобных катэгорый грамадзян", - пазначае ведамства.
Усяго ў тэлеграм-канал размясцілі персанальныя дадзеныя не менш 238 чалавек, сярод якіх сілавікі, пракурорскія работнікі, суддзі і дзяржслужачыя. Як пісала Генпракуратура, пасля публікацыі ў адрас пацярпелых пачалі паступаць пагрозы.
У Гродне суд над палітзняволенай грамадзянкай Расіі Сафіяй Сапега праходзіць ў закрытым рэжыме
Пракуратура сцвярджала, што Сапега выканала абавязальніцтвы, прадугледжаныя заключанай з ёй дамовай аб супрацоўніцтве, і прыняла меры аб уплаце даходаў, атрыманых злачынным шляхам. Таксама дзяўчына напісала прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі.
Судовы працэс праходзіў у закрытым рэжыме, паколькі, па меркаванні суда, у працэсе "могуць быць агучаныя персанальныя дадзеныя афіцыйных асоб".
Сафію Сапега суд прызнаў вінаватай і пакараў па сукупнасці прад'яўленых артыкулаў пазбаўленнем волі ў калоніі агульнага рэжыму тэрмінам на 6 гадоў.
Менавіта такі прысуд і запрасіла абвінавачанне.
Сафію Сапега ўзялі пад варту ў залі суда.
Крыніца: Вынесены жорсткі прысуд палітзняволенай грамадзянцы Расіі Сафіі Сапега - шэсць год калоніі