Берасцейскага блогера Сяргея Пятрухіна аштрафавалі за неяўку па позве, але справу за супрацу з тэлеканалам “Белсат” спынілі. Пастанову аб спыненні справы аб адміністратыўным правапарушэнні па арт па арт. 22.9 КаАП (“Незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”) падпісаў 19 студзеня намеснік начальніка АЎС адміністрацыі Ленінскага раёна г Брэста падпалкоўнік міліцыі Н.Г.Самасюк.
Як паведамляе “Берасцейская Вясна”, 9 студзеня ў адміністрацыі Ленінскага раёна быў зарэгістраваны матэрыял праверкі ў дачыненні да Сяргея Пятрухіна па факце парушэння заканадаўства аб СМІ, які перадалі ў міліцыю. Былі праведзеныя пэўныя праверачныя мерапрыемствы. Факт збора інтэрв’ю ў жыхароў і размяшчэння на польскім канале “Белсат” фільма “Як у фільме жахаў! У Берасці – нашэсце вялізных тараканаў” падцвердзіўся, а сам Пятрухін, як карэспандэнт замежнага СМІ, пры гэтым, не акрэдытаваны ў Беларусі.
У сувязі з тым, што сустрэцца і апытаць Сяргея Пятрухіна ў міліцыянтаў не атрымалася, справу прыйшлося спыніць з-за таго, што мінуў вызначаны законам двухмесячны тэрмін з моманту здзяйснення правапарушэння для прыцягнення яго да адміністратыўнай адказнасці. Тады блогера прыцягнулі да адказнасці за неяўку па позве.
Праваабаронца Уладзімір Вялічкін лічыць, што такім чынам супрацоўнікі міліцыі адпомсцілі Сяргею Пятрухіну:
“Яны штучна стварылі фармальную сітуацыю, і каб, на будучыню непавадна было Пятрухіну і іншым, абвінавацілі яго ў няяўцы па позве".
У выніку журналіст атрымаў штраф не за парушэнне заканадаўства аб СМІ, а за “няяўку”.
Крыніца: Берасцейская міліцыя не справілася з “вялізнымі тараканамі”, але блогера ўсё адно аштрафавалі