З моманту затрымання 19 красавіка лідараў і актывістаў незалежных беларускіх прафсаюзаў прайшло 10 сутак. Гэта максімальны час, калі затрыманым павінны быць прад’яўленыя абвінавачанні. Аднак па стане на 29 красавіка практычна нічога невядома ні пра статус бальшыні затрыманых, ні пра сутнасць прад’яўленых ім абвінаванняў.
Па звестках праваабаронцаў, старшыня Беларускага Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук і намеснік старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Сяргей Антусевіч пераведзеныя з СІЗА КДБ ў СІЗА на Валадарскага.
Кіраўнік ячэйкі свабоднага прафсаюза з Полацка Мікалай Шарах выйшаў з СІЗА КДБ пад падпіску аб невыездзе і належных паводзінах. Яго падазраюць па ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
Дагэтуль застаецца за кратамі 66-гадовы намеснік старшыні Свабоднага прафсаюзу металістаў Аляксандр Еўдакімчык. Яго таксама затрымалі 19 красавіка, цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Пасля 72 гадзін ён не быў вызвалены. Вядома, што Еўдакімчык падазраецца па арт. 342 Крымінальнага кодэкса.
Між тым, затрыманні прафсаюзных актывістаў працягваюцца. Так, раніцай 29 красавіка ў Гродна быў затрыманы старшыня пярвічнай арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюза ААТ «Гродна Азот» Андрэй Ханевіч.
Наступ на незалежны прафсаюзны рух: што вядома па стане на 22 красавіка
Таксама ўзмацняецца ціск на пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі ў рэгіёнах. Дзейнасць некаторых з іх прыпыненая. Так, дзейнасць пярвічнай арганізацыі Незалежнага прафсаюзу «Горадня Азот» прыпыніла абласная пракуратура.
І адначасова, у Гарадзенскі абласны суд накіраваная заява аб прызнанні «экстрэмісцкай арганізацыяй», забароне дзейнасці і ліквідацыі Незалежнага прафсаюзу «Горадня Азот».
Вядома таксама, што 25 красавіка рашэннем Мазырскага гарвыканкама спыненая дзейнасць Незалежнага прафсаюза Мазырскага НПЗ. Да гэтага на членаў прафсаюза аказваўся ціск, рабіліся пагрозы не падпісання кантрактаў. Многіх затрымлівалі, саджалі на 15 сутак, а потым звальнялі за «прагулы».
Пасля допытаў пад падпіску аб нявыездзе вызваленыя з-пад варты Ігар Комлік, Ганна Дусь, Вадзім Пайвін, Юрый Белякоў, Мікалай Герасіменка, Алена Яськова, Лізавета Мярляк. Іх статус пакуль невядомы.
Адсутнічае інфармацыя пра затрыманых актывістаў:
Генадзь Фядыніч;
Вацлаў Арэшка;
Васіль Бераснеў;
Віталь Чычмароў;
Ірына Бут-Гусаім;
Міраслаў Сабчук;
Ігар Леднік;
Зміцер Бародка;
Яна Малаш.
Крыніца: Крымінальны пераслед прафсаюзных лідэраў і актывістаў застаецца для грамадства таямніцай