Паштоўкі з малюнкамі Марфы Рабковай. Фота "Вольныя паштоўкі" 26 красавіка сваё 26-годдзе адзначае Праваабарончы цэнтр “Вясна”. Менавіта ў гэты дзень пасля сілавога разгону Чарнобыльскага Шляху ў 1996 годзе неабыякавыя актывісты аб’ядналіся, каб дамагаць затрыманым і іх сем’ям.

З той пары “Вясна” стала адной з вядучых праваабарончых арганізацый у Беларусі, дзейнасць якой была накіраваная на дапамогу пацярпелым ад уладаў і абарону правоў чалавека на нацыянальным і міжнародным узроўні. За гэтыя 26 год “Вясна” вырасла колькасна і якасна і працягвае адстойваць правы беларусаў, нягледзячы на жорскія рэпрэсіі і ціск з боку рэжыму.

Як стваралася “Вясна”. Успаміны Алеся Бяляцкага

Беларускі ПЭН-цэнтр апублікаваў успаміны пра нараджэнне праваабарончай арганізацыі Алеся Бяляцкага, напісаныя ў 2011 годзе за кратамі ў СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Мінску і надрукаваныя ў кнізе “Халоднае крыло Радзімы” (2014 год).

За сваю мірную і выключна праваабарончую дзейнасць цяпер за кратамі знаходзіцца сем сябраў арганізацыі: старшыня Алесь Бяляцкі, яго намеснік Валянцін Стэфановіч, юрыст Уладзімір Лабковіч, каардынатарка Валанцёрскай службы Марфа Рабкова, кіраўнік Гомельскага аддзялення Леанід Судаленка, валанцёры Таццяна Ласіца і Андрэй Чапюк.

Святлана Ціханоўская падзякавала праваабаронцам “Вясны” за іх працу:

“Мы так прызвычаіліся да “Вясна”, якая заўсёды побач, што часам забываемся дзякаваць ім за такую важную і складаную працу. Давайце зробім гэта сёння. Дзякую вам, родныя, вы робіце вельмі, вельмі важную для ўсіх нас працу”, - напісала яна ў тэлеграм-канале.

bialiacki_cihanouskaia_16.12.2020.jpg
Алесь Бяляцкі са Святланай Ціханоўскай на ўручэнні прэміі імя Сахарава. Брусэль, 16.12.2020

Таксама падзяку за працу “Вясне” выказалі і простыя беларусы ў рэпартажы Беларускага радыё Рацыя: 

– “Вясна” мне вельмі дапамагла ў свой час, і я вельмі ўдзячны.

– Прыйшлі да мяне сябры “Вясна”, яны падтрымлівалі ўвесь час пакуль Вадзім 6 месяцаў сядзеў у турме. На судзе таксама.

– Гэта адзіная арганізацыя, якая, скажам так, увесь гэты час дапамагала ўнутры Беларусі нашым сябрам.

Беларусы ўдзячныя „Вясне”

Шмат добрых слоў было сказана беларусамі на адрас «Вясны» пры адказе на пытанне: ваша меркаванне пра дзейнасць Праваабарончага цэнтра «Вясна».

Тым часам “Вольныя паштоўкі” да 26-годдзя Вяснывыпусцілі новы набор паштовак з малюнкамі палітзняволенай праваабаронцы Марфы Рабковай.

pashtouka_marfy.jpg
Паштоўкі з малюнкамі Марфы Рабковай

Ужо 26 гадоў прадстаўнікі «Вясны» падтрымліваюць беларусаў, якія церпяць за сваю грамадскую пазіцыю. Дзякуючы праваабаронцам, беларусы не застаюцца сам-насам з рэпрэсіўным апаратам, а злачынствы рэжыма становяцца вядомымі ўсяму свету”, - адзначаюць у ініцыятыве.

Паштоўкі можна набыць і даслаць палітвязням. Для гэтага трэба зрабіць данат ад 5 еўра і болей, даслаць чэк ініцыятыве і пакінуць адваротны адрас. “Вольныя паштоўкі” абяцаюць адправіць паштоўкі з малюнкамі Марфы ў любую кропку свету.

Мы запусцілі віртуальную дошку, дзе можна пакінуць пажаданні да словы падтрымкі для нашых зняволеных калегаў і для сябраў “Вясны” агулам. Далучайцеся да віншаванняў! 

Вясна заўсёды побач!

Крыніца: 26-годдзю “Вясны” прысвячаецца!