У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, а таксама прызнанне незалежных медыяпрадуктаў экстрэмісцкімі матэрыяламі. Пачаўся наступ на незалежны прафсаюзны рух, вядома пра затрыманне двух дзесяткаў актывістаў. Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае апошнія факты палітычнага пераследу 25 красавіка. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Палітзняволенага мастака Алеся Пушкіна этапавалі ў калонію «Воўчыя норы»

Сваякі мастака Алеся Пушкіна паведамляюць, што 15 красавіка яго этапавалі з СІЗА-1 у папраўчую калонію №22. Апеляцыйную скаргу палітвязень падаваць адмовіўся.

Суд над Алесем Пушкіным 10 сакавіка 2022 года

Нагадаем, Алеся затрымалі 30 сакавіка 2021 года ў вёсцы Жылічы супрацоўнікамі МУС. Ноччу з 26 на 27 сакавіка у доме Пушкіна адбыўся ператрус. Яго абвінавацілі ў здзеку з дзяржаўных сімвалаў (арт. 370 КК) і ў распальванні  расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы (ч. 3 арт. 130 КК). Пад час адного з судовых пасяджэнняў, 25 сакавіка, Алесь Пушкін парэзаў сабе жывот на знак пратэсту. За гэта яго на 13 сутак змясцілі ў карцар. 30 сакавіка 2022 Пушкіна асудзілі да 5 гадоў зняволення ў калоніі строгага рэжыму.

Падтрымайце мастака лістамі салідарнасці: ПК №22, 225295, Брэсцкая вобласць, г. Івацэвічы, ст. Даманава, а/с 20, Аляксандру Мікалаевічу Пушкіну (на лістах пазначайце «каранцін»)/

У Гродне затрымалі адміністратара пратэстнага Telegram-канала

24 красавіка быў затрыман адміністратар Telegrаm-канала "Гродно-чат-здравомыслящих". Вядома, што мужчына працаваў у школе. Па версіі міліцыі, ён размяшчаў у ім экстрэмісцкія матэрыялы і абражаў службовых асоб. Яго канал выдалілі пасля затрымання.

У 2020 годзе хлопец напісаў абразлівы каментар на адрас Аляксандра Лукашэнкі. Ён раскаяўся ў зробленым. Яго будуць судзіць "за абразу Лукашэнкі" па арт.368 КК РБ і 369 КК РБ "абраза прадстаўніка ўлады", паведамляюць праваабаронцы.

 Супраць палітвязня Руслана Кузьміча, асуджанага да трох гадоў калоніі, узбудзілі новую крымінальную справу

Праваабаронцам стала вядома, што супраць палітвязня Руслана Кузьміча распачалі новую крымінальную справу паводле артыкула 369 КК «Абраза прадстаўніка ўлады». Два тыдні таму, жонцы Руслана паведамілі, што яго перавозяць у баранавіцкі ІЧУ, бо нібыта ён праходзіць сведкай па нейкай крымінальнай справе. Але, у выніку, стала вядома пра справу супраць Руслана.

Нагадаем, жыхара Навагрудка прызналі вінаватым паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса. Паводле звестак следства, 3 кастрычніка 2021 года ў адным з "дэструктыўных тэлеграм-каналаў" ён пакінуў каментар "у падтрымку экстрэмісцкай дзейнасці і выкарыстання зброі" пад відэа, у якім дэманструецца выкарыстанне зброі. Кузьміча асудзілі да трох гадоў калоніі.

Інфармацыя дапаўняецца.

Крыніца: Новыя абвінавачанні супраць палітвязняў, чарговыя затрыманні: хроніка пераследу 25 красавіка