У адным з судоў Мінска 22 красавіка вынесеныя два прысуды за арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле у іх (ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса). Палітзняволеныя Васіль Ярмоленка і ягоная сяброўка Таццяна Гацко былі прызнаныя вінаватымі ў актыўным удзеле ў паслявыбарчых пратэстах 2020 года. Васіль Ярмоленка — гітарыст і кантрабасіст, былы артыст Беларускага дзяржаўнага ансамбля танцаў. Ён грае ў такіх гуртах, як Unia, «Голая Манашка», "Мутнаевока".
Васіля затрымалі 25 студзеня 2022 года і змясцілі пад варту ў СІЗА №1 Мінска.
Таццяна Гацко - спецыялістка па кадрах аднаго з прадпрыемтсваў горада, таксама была затрымана 25 студзеня 2022 года і змешчаная ў СІЗА.
Адразу пасля затрымання на праўладным тэлеграм-канале з’явілася «пакаяльнае» відэа, з якога вынікае, што ў жніўні 2020 года музыка ўдзельнічаў у некалькіх масавых мерапрыемствах, а таксама стаяў у счэпцы на праезнай частцы. Таццяна таксама прызнаецца, што ў жніўні 2020 года яе сфатаграфавалі на Нямізе з БЧБ-сцягам.
Васілю і Таццяне прысудзілі па тры гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу (хімія). Да прызначэння месца адбыцця пакарання яны вызваленыя з-пад арышту пад падпіску аб нявыездзе.
Крыніца: Палітвязні Ярмоленка і Гацко асуджаныя да трох год "хіміі" за ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту