У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, а таксама прызнанне незалежных медыяпрадуктаў экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сілы Расійскай Федэрацыі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае апошнія факты палітычнага пераследу 20 красавіка. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Актывіста Ігара Ледніка затрымалі супрацоўнікі міліцыі з Гародні

Ігар Леднік. Фота з сацыяльных сетак.

Стала вядома, што 18 красавіка быў затрыманы барысаўскі сябра БСДП Ігар Леднік. Са словаў партыйцаў дамоў да Ледніка прыехаў аўтамабіль з гарадзенскімі нумарамі.

Нагадаем, што Ігару Ледніку ўжо двойчы прысуджаліся адміністрацыйныя суткі. Ён інвалід другой групы - мае праблемы з сэрцам, паведамляе "Грамада".

Сяргей Антусевіч знаходзіцца ў Сіза КДБ

Сяргея Антусевіча затрымалі супрацоўнікі КДБ. Ён патэлефанаваў уначы 20 красавіка сваім блізкім з СІЗА КДБ і паведаміў пра затрыманне, піша "Право имеют".

Сяргей Антусевіч - былы работнік "Гродна Азот". Каля 10 год кіраваў незалежным прафсаюзам на прадпрыемстве. Цяпер жыве ў Менску і з'яўляецца віцэ-старшынём Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў.

У Расеі заблакавалі сайт motolko.help

На гэтай пляцоўцы, у тым ліку, публікавалася інфармацыя аб перамяшчэннях расейскай ваеннай тэхнікі і расследаванне аб адпраўцы расійскімі вайскоўцамі пасылак з беларускага Мазыра ў розныя гарады Расеі праз сэрвіс СДЭК. 

Інфармацыя дапаўняецца.

Крыніца: хроніка пераследу 20 красавіка