У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, а таксама прызнанне незалежных медыяпрадуктаў экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сілы Расійскай Федэрацыі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае апошнія факты палітычнага пераследу 15 красавіка. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У Мінску за ўдзел у пратэстах затрымалі Вольгу Рытус

Паведамляецца, што жанчыну затрымалі 12 красавіка паводле арт. 342 КК — за ўдзел у паслявыбарчых пратэстах у 2020 годзе. Дома ў Вольгі застаўся 12-гадовы сын, зараз яна знаходзіцца на Акрэсціна.

Старэйшы сын жанчыны вучыцца ў Польшчы. Паведамляецца, што супрацоўнікі ГУБАЗіК падчас ператрусу распавядалі родным, што там хлопец ужывае наркотыкі, а пасля вяртання ў Беларусь будзе таксама затрыманы.

Міністэрства інфармацыі РБ на тры месяцы прыпыніла дзейнасць выдавецтва «Галіяфы»

Выдавецтва, заснаванае Зміцерам Вішнёвым, было заснавана 15 гадоў таму і выдае кнігі беларускіх аўтараў і наогул кнігі на беларускай мове.

Учора стала вядома, што на тры месяцы таксама прыпыненая дзейнасць іншага выдавецтва – «Мэдысонт». Яно таксама займалася выдаўніцтвам беларускай літаратуры.

Алесю Буневіч абвінавачваюць у тэрарыстычнай дзейнасці

Паводле папярэдняй інфармацыі, Алесю Буневіч абвінавачваюць ў «здзяйсненні акта тэрарызму групай асоб па папярэдняй змове» (ч. 2 арт. 289 КК РБ) — ёй пагражае ад 8 да 20 гадоў зняволення

Папярэдне, Буневіч затрымалі пры спробе перасекчы мяжу Беларусі з адной з краін Еўразвяза. Магчыма, крымінальная справа тычыцца так званых актаў тэрарызму на беларускай чыгунцы.

Нагадаем, беларуску затрымалі каля тыдня таму, калі яна прыехала ў Беларусь на гадавіну смерці маці.

Крысціну Чаранкову паставілі на ўлік, як схільную да экстрэмізму

Праваабаронцам стала вядома інфармацыя, што палітзняволеную Крысціну Чаранкову, якая была затрыманая 23.03.2022 ў г. Мазыры па арт. 130 ч.1 Крымінальнага кодэкса і зараз знаходзіцца ў СІЗА-3 Гомеля, паставілі на ўлік, як схільную да экстрэмізму.

Інфармацыя дапаўняецца.

Крыніца: Затрыманні і новыя абвінавачванні: хроніка пераследу 15 красавіка