У судзе Салігорскага раёна 28 сакавіка да аднаго года зняволення асудзілі 46-гадовага рэжысёра Дзмітрыя Панцялейку. Яго абвінавацілі па арт. 370 Крымінальнага кодэкса (здзек над дзяржаўнымі сімваламі) за тое, што запосціў "ВКонтакте" малюнак дзяржаўнага сцяга на фоне свастыкі. Справу разглядала суддзя Алеся Серадзенка.
Згодна версіі абвінавачвання, Дзмітрый Панцялейка ў кастрычніку 2021 года з дапамогай ноўтбука размясціў у двух акаўнтах "ВКонтакте" малюнак дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь, на фоне якога была размешчана свастыка. Гэтыя дзеянні кваліфікавалі як здзек над дзяржаўнымі сімваламі.
Дзяржабвінавачванне запрасіла для Панцялейкі пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін адзін год з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Менавіта такое пакаранне і прызначыла суддзя Серадзенка. Таксама ў Дзмітрыя канфіскавалі ноўтбук Asus як сродак здзяйснення злачынства.
Крыніца: Рэжысёра асудзілі да года калоніі за пост "ВКонтакте" дзяржаўнага сцяга на фоне свастыкі