У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, а таксама прызнанне незалежных медыяпрадуктаў экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сілы Расійскай Федэрацыі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае апошнія факты палітычнага пераследу 13 красавіка. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

На Гомельшчыне затрыманыя сем чалавек, якія перадавалі дадзеныя аб ваеннай тэхніцы

Падрабязнасці паведамляе Следчы камітэт.

Так, напрыклад, у Хойніцкім раёне 49-гадовая жанчына перадавала інфармацыю аб відах і маршрутах ваеннай тэхнікі. У Мазыры 28-гадовая маці скінула ў телеграм-канал відэа з перамяшчэннем верталётаў. Таксама трапіў пад "крыміналку" падлетак з Мазыра, навучэнец прафесійнага ліцэя, ён таксама адправіў відэа з перамяшчэннем тэхнікі.

За адпраўку фатаграфій і відэа з аналагічным зместам пад следствам апынуліся гомельскі таксіст і творчы работнік. Таксама крымінальную справу за "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці" распачалі ў дачыненні да яшчэ двух гамельчукоў.

Інфармацыйная прадукцыя тэлеграм-канала «Брестская газета: новости – 2022» прызнаная «экстрэмісцкімі матэрыяламі»

Такое рашэнне прыняў суд Ленінскага раёну Брэста 6 красавіка.

Палітвязня Яўгена Афнагеля пераводзяць на два гады ў «крытую» турму

У судзе г. Наваполацка 12 красавіка суддзя Ірына Жарова пастанавіла перавесці палітзняволенага актывіста «Еўрапейскай Беларусі» Яўгена Афнагеля на турэмны рэжым на 2 гады. Суд праходзіў па відэасувязі з калоніі. Хутка Яўгена мусяць перавесці ў «крытую» турму.

У раскладзе Вярхоўнага суда было пазначана, што суд збіраецца разглядзець справу аб пераводзе на турэмны рэжым адразу ўсіх фігурантаў справы, па якой судзілі Паўла Севярынца  і актывістаў «Еўрапейскай Беларусі». Але, у выніку, у «крытую» адпраўляюць толькі Яўгена.

Інфармацыя дапаўняецца.

Крыніца: Хроніка пераследу за 13 красавіка