У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, ціск на палітвязняў, а таксама прызнанне незалежных медыяпрадуктаў экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сілы Расійскай Федэрацыі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае апошнія факты палітычнага пераследу 11 красавіка. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Новыя «экстрэмісцкія матэрыялы»
У Рэспубліканскі спіс экстрэміскіх матэрыялаў патрапіў акаўнт у Instagram «bel.anark.waw» — «Група беларускіх анархіста_к, якія вымушаныя бегчы ў Варшаву». На дадзены момант там 420 падпісчыкаў.
Таксама ў Спіс патрапілі група «Укантакце» «Ганцевичи». Такое рашэнне прыняў суд Ганцэвіцкага раёна 1 красавіка.
Суд Асіповіцкага раёна 4 красавіка прызнаў экстрэмісцкімі акаўнт у «Аднакласніках» «ОсиповичиОнлайн», групы «Укантакце» «OnLine Осиповичи» і «Байк Фест "Осиповичи"».
Жыхара Маладзечна з апошняй стадыяй рака 2,5 месяцы трымаюць за кратамі за каментары ў інтэрнэце
Праваабаронцам "Вясны" стала вядома, пра затрыманне 26 студзеня Паўла Кучынскага. Ён мае інваліднасць другой групы, у яго чацвёртая стадыя рака. Папярэдне, Паўла абвінавачваюць у абразе двух суддзяў, Лукашэнкі, супрацоўніка РАУС, а таксама ў пагрозе суддзі і Лукашэнку.
Спачатку родным казалі, што Павел затрыманы на трое сутак, а пасля высветлілася, што яго будуць трымаць пад вартай да суда. Родныя ездзілі у Бараўляны за паперамі, што яму неабходна лячэнне, пастаянныя абследаванні і яго нельга трымаць у такіх умовах, пісалі ў пракуратуру і Адміністрацыю Лукашэнкі — але нічога не дапамагло.
Сваякам удалося дабіцца, каб Кучынскага звазілі ў Бараўляны на абследаванні, па выніках якога бачна, што стан здароўя Паўла пагоршыўся, пачаўся запаленчы працэс. Калі маці прывезла вынікі абследавання следачай з просьбай аказаць дапамогу, тая сказала, што ён нібыта не скардзіцца ды што родныя «гэтымі дзеяннямі затрымліваюць працэс».
Паліну Шарэнду-Панасюк перавялі ў СІЗА-3
У гомельскай калоніі 7 красавіка асудзілі палітзняволеную Паліну Шарэнду-Панасюк па ч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Суд прызначыў ёй у дадатак да двух гадоў зняволення яшчэ адзін год у калоніі.
Андрэй Шарэнда ў фэйсбуку паведаміў, што Паліну перавялі ў гомельскі СІЗА-3 да разгляду апеляцыйнай скаргі, а потым этапуюць у «крытую» турму. Да гэтага часу кожны чалавек можа падтрымаць яе грашовым пераводам, бо пасля этапу ў калонію гэта змогуць рабіць толькі сваякі.
Падтрымайце Паліну: СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А |
Стала вядома пра пераслед шклоўскага актывіста Станіслава Брыкіна
Яшчэ ў лютым да яго прыйшлі сілавікі і правялі ператрус. На дадзены момант Станіслаў праходзіць па крымінальнай справе, але невядома ў якім статусе.
Брыкін працаваў у «Белтэлекаме», з 14 жніўня 2020 года знаходзіцца ў забастоўцы.
Жыхара Ліды затрымалі за падпіску на «дэструктыўныя Telegram-каналы»
Як паведамляе тэлеграм-канал @nebovkletku, на «пакаяльным відэа» мужчына кажа, што яго затрымалі за падпіску за «дэструктыўныя Telegram-каналы», дзе ён распаўсюджваў экстрэмісцкую інфармацыю, і спробу «запалохаць міліцыянераў».
Мяркуючы па інфармацыі з праўладных каналаў, яму інкрымінуюць абразу службовай асобы (арт. 369 КК) і абразу прэзідэнта (арт. 368 КК).
Інфармацыя дапаўняецца.
Крыніца: Хроніка палітычнага пераследу ад 11 красавіка Дапоўнена