Студэнты хімічнага факультэта БДУ звярнуліся да блогера Антона Матолькі з просьбай распаўсюдзіць інфармацыю пра кантроль, які распачала на факультэце намесніца дэкана па вучэбна-выхаваўчай працы. Блогер апублікаваў паведамленне студэнтаў у сваім Твітары.
«Намесьнік дэкана хімічнага факультэта БДУ па вучэбна-выхаваўчай працы, Жанна Анатольеўна Цабкала (https://vk.com/zamdekana_uvr), прымушае збіраць спісы студэнтаў, якія не змогуць прагаласаваць на выбарах»
Таксама студэнты прыклалі скрыны паведамлення, якое рассылала Жанна Цабкала. Там указаныя даты, якія ахопліваюць увесь тыдзень галасавання – ад пачатку датэрміновага да асноўнага дня выбараў.
Антон Матолька звярнуўся за тлумачэннямі да спадарыні Цабкала, і яна яму патлумачыла, што на факультэце такім чынам “звяралі звесткі, хто будзе адсутнічаць у Мінску ў гэты перыяд”.
“Навошта вы шукаеце падводныя камяні там, дзе іх няма”, - адзначыла яна пры гэтым.
Як адзначаюць прадстаўнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, “падводныя камяні” як раз у тым, што ў супрацоўнікі вышэйшых навучальных установаў не надзеленыя функцыямі па арганізацыі выбарчага працэсу, а дзеянні спадарыні Цабкала выглядаюць на падрыхтоўку мерапрыемтсваў па забеспячэнні яўкі на выбарах (ці проста кажучы – загон).
Праваабаронцы звяртаюць увагу на тое і студэнтаў і адміністрацыяў вну на тое, што права ўдзелу ў выбарах – выключнае права выбаршчыка, ніхто не мае права кантраляваць – дзе, калі і як ён будзе галасаваць.
Інфармацыю аб тым, як, дзе, калі можна прагаласаваць выбаршчыку, распаўсюджваюць выбарчыя камісіі і афіцыйныя СМІ, падкрэсліваюць праваабаронцы.
Пра выпадкі парушэнняў праваабаронцы заклікаюць паведамляць на скрыню кампаніі Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
Крыніца: Студэнты БДУ паведамляюць пра ціск з боку адміністрацыі напярэдадні выбараў