8 красавіка ў Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, ціск на палітвязняў, а таксама прызнанне незалежных медыяпрадуктаў экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сілы Расійскай Федэрацыі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае апошнія факты палітычнага пераследу. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У Мінску затрыманы Максім Стасюк

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што ён нібыта ўдзельнічаў у пратэстах у 2020 годзе, а таксама хацеў паехаць ваяваць ва Украіну.

З Максімам з'явілася «пакаяльнае» відэа, на якім хлопец, у відавочна прыгнечаным стане і, верагодна, пасля збіцця, плача і «просіць прабачэння ў беларусаў і расіян».

Суд прызнаў інфармацыйную прадукцыю суполак «Медыя-Палесся» ва «УКантакце» і «Аднакласніках» «экстрэмісцкімі матэрыяламі»

Суполкі медыя ў Facebook, Instagram, Telegram «экстрэмісцкімі» не прызнаныя.

У Мінску затрыманы супрацоўнік «Белтэлекама» Аляксандр Кліндзюк 

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што 30-гадовы мужчына быў затрыманы за ўдзел у акцыях пратэсту пасля выбараў, а таксама за заклікі ў закрытым тэлеграм-чаце прадпрыемства.

Гэта ўжо другое затрыманне супрацоўніка «Белтэлекама» за паведамленні ў закрытым чаце на гэтым тыдні — у аўторак паведамлялался пра затрыманне Алега Каспяровіча за «насаджэнне пратэстных ідэй і рэпосты з рэсурсаў прызнаных экстрэмісцкімі ў карпаратыўным тэлеграм чаце прадпрыемства».

Супраць гомельскага актывіста Мікіты Слепянка ўзбудзілі крымінальную справу за «стварэнне экстрэмісцкага фарміравання»

Адміністратара культурніцка-гістарычнага тэлеграм-канала Rezystans Мікіту выклікалі на допыт у міліцыяю 6 красавіка, пасля якога на свабоду ён не выйшаў. Праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што цяпер Мікіта ўтрымліваецца ў мясцовым ІЧУ па падазрэнні па арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса. У чым яго канкрэтна падазраюць — пакуль невядома.

У лютым Мікіта адбыў 15 сутак адміністрацыйнага арышту за адміністраванне @rezystans па ч.2 арт. 19.11 КаАП. На волю ён выйшаў 23-га лютага, але яго тэлефон пакінулі для правядзення далейшых следчых дзеянняў.

35 сутак запар: палітвязня Мікіту Емяльянава зноў пакаралі «суткамі» ў карцары

Палітзняволены анархіст Мікіта Емяльянаў з 12 сакавіка знаходзіцца ў карцары. Спачатку Мікіту прызначылі пяць сутак карцару. Потым пакаралі яшчэ 10 суткамі, бо Емяльянаў адмовіўся прыбіраць прагулачны дворык. Вядома, што чацвёра сутак Мікіта галадаў на знак пратэсту са змяшчэннем у карцар, але спыніў галадоўку па стане здароўя.

Сёння стала вядома, што Мікіце працягнулі тэрмін у карцары да 16 красавіка. За што на гэта раз — невядома. Агулам Мікіта правядзе ў карцары 35 дзён.

СК: па справе БелаПАН устаноўлена фінансаванне «экстрэмісцкай дзейнасці» на агульную суму не менш як 4 мільёны долараў ЗША

Нагадаем, па гэтай справе праходзяць Андрэй Аляксандраў, Ірына Злобіна, Дзмітрый Наважылаў і Ірына Леўшына. Палітвязняў абвінавачваюць па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу, іх справу накіравалі ў суд.

Дапаўняецца

Крыніца: Затрыманні, ціск на палітвязня і новыя экстрэмісцкія матэрыялы: хроніка пераследу 8 красавіка