У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, ціск на палітвязняў, а таксама прызнанне незалежных медыяпрадуктаў экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сілы Расійскай Федэрацыі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае апошнія факты палітычнага пераследу 5-6 красавіка. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
У Мінску затрыманы супрацоўнік «Белтэлекама» Алег Каспяровіч
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што мужчына быў затрыманы адразу пасля прылёту з адпачынку з ААЭ за «насаджэнне пратэстных ідэй і рэпосты з рэсурсаў прызнаных экстрэмісцкімі ў карпаратыўным тэлеграм чаце прадпрыемства».
Пасля затрымання сілавікі знайшлі ў яго тэлефоне фотаздымкі з акцый пратэсту ў 2020 годзе. Яму інкрымінуецца арт. 342 КК (Арганізацыя групавых дзеянняў, груба парушаючых грамадскі парадак і падрыхтоўка альбо навучанне такой дзейнасці).
Справу экс-кіраўніка "Аховы птушак бацькаўшчыны" накіравалі ў пракуратуру. Хутка можа пачацца суд
Следчы камітэт паведаміў, што скончыў расследаванне па справе палітзняволенага Віктара Фянчука. Яму прад’явілі канчатковае абвінавачванне па ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Згодна з матэрыяламі справы, «Фянчук блакаваў рух транспарта на праезнай частцы і выкрыкваў розныя лозунгі. Падчас расследавання выяўлена яшчэ пяць аналагічных эпізодаў, здзейсненых ім».
Матэрыялы следства перададзеныя ў пракуратуру, таму хутка мусіць пачацца судовы працэс.
Віктара затрымалі пасля вобшуку ў мінскім офісе арганізацыі 31 жніўня. Адразу яго пакаралі «суткамі» па адміністрацыйнай справе, а потым прад’явілі абвінавачванне па арт. 342 КК. 19 сакавіка Вярхоўны суд ліквідаваў «Ахову птушак Бацькаўшчыны» за «экстрэмісцкую дзейнасць».
Падтрымайце Віктара: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Віктару Аляксандравічу Фянчуку |
Праваабаронца і актывіст Руху «За Свабоду» Алесь Рамановіч заявіў аб катаваннях у Пінскім СІЗА
Алесь быў затрыманы падчас прагулкі па цэнтры Пінска з нагрудным знакам «Пагоня».
У мясцовым ізалятары Рамановіча аднаго змясцілі ў пяцімясцовую камеру і стварылі амаль невыносныя ўмовы: катавалі недасыпаннем, холадам, адмаўляліся вадзіць у прыбіральню.
«Мяне хацелі запалохаць, звесці з розуму. Яны стварылі камеру катаванняў, проста не прымянялі фізічную сілу», — распавёў мужчына "Медыяпалессе".
Справа была адпраўлена на дапрацоўку. Цяпер Алесь на волі, але ў яго канфіскавалі тэлефон.
У Гомелі затрымалі дзяўчыну, якая пакінула на машыне праўладнага блогера запіску «Русский военный корабль иди *****»
3 красавіка праўладны блогер Катляроў паскардзіўся на дзвюх дзяўчат, якія пакінулі пад дворнікам яго машыны антываеннае пасланне. Іх зняў відэарэгістратар.
Сёння на праўладных каналах з'явілася відэа з затрыманай Дар'яй Чуравай, якая «прызнаецца» ў тым, што раздрукавала ўлёткі дома, а потым расклейвала і раскладвала іх па машынах на паркоўцы, піша "Медыязона".
Яўген Катляроў — гомельскі праўладны блогер, які выступаў на судзе супраць праваабаронцы Леаніда Судаленкі. Як потым пісаў Леанід, «...адкуль мне было ведаць, што 19 студзеня, калі я яшчэ знаходзіўся ў ІЧУ і не была яшчэ ўзбуджана справа, у СК супраць мяне даў паказанні Какойта (Яўген Катляроў, — ад рэд.), які галаслоўна абвінаваціў мяне ў арганізацыі ўсіх пратэстаў у Гомелі. Гэтыя ягоныя паказанні чалавек у мантыі суддзі паклаў у аснову абвінавачання ў прысудзе».
У Беларусі заблакавалі сайт Human Rights Watch — адной з самых буйных праваабарончых арганізацый у свеце
Зрабілі гэта па патрабаванні пракурора Мінска Алега Лаўрухіна.
У Рудзенску ў сябе дома пасля ператрусу быў затрыманы 51-гадовы Аляксандр Мурашка
Прычынай затрымання стаў каментар у чаце чыгуначнікаў у 2020 годзе. Працэсуальны статус і месцазнаходжанне Аляксандра пакуль невядомыя.
У Мінску затрымалі 55-гадовую Ірыну Сташкевіч — яе тройчы судзілі па арт. 369 КК за абразы міліцыянтаў
Апошні раз яе асудзілі ў канцы сакавіка — тады ей прызначылі тры гады «хатняй хіміі».
Прычына затрымання пакуль невядомая.
Па патрабаванні Раскамнагляда беларускі правайдар заблакаваў брэсцкі сайт — за асвятленне вайны ва Украіне
Размова ідзе пра сайт brestnote.by, ад уладальніцы якога запатрабавалі выдаліць матэрыял, дзе асвятлялася хроніка расійскай ваеннай агрэсіі ва Украіне.
Уладальніца сайта звярнулася да правайдэра з пытаннем, якое дачыненнне да гэтага мае Раскамнагляд.
«Адказ мяне здзівіў. Аказваецца, што Раскамнагляд, які з'яўляецца арганізацыяй, што рэгулюе парадак доступу да інфармацыйных рэсурсаў у сетцы Інтэрнэт з тэрыторыі Расійскай Федэрацыі, мае паўнамоцтвы загадваць інтэрнэт-правайдэрам блакаваць доступ да сайта як па імя дамену, так і па IP-адрасу — у тым ліку на тэрыторыі Беларусі», — цытуе словы Наталлі Грынчак "БАЖ".
Адміністрацыя калоніі можа другі раз за тыдзень вынесці спагнанне Марыі Калеснікавай
30 сакавіка Марыю пазбавілі права на працяглае спатканне з бацькам. Па словах палітзняволенай, падставай для спагнання паслужыў нібыта няветлівы зварот да супрацоўніка калоніі пасля спаткання з адвакатам.
5 красавіка стала вядома, што 6 красавіка будзе паседжанне камісіі ПК-4 у дачыненні да Марыі па пытанні нібыта «перабівання» ёю начальніка калоніі падчас працэдуры вынясення папярэдняга спагнання.
У залежнасці ад таго, ці будзе вынесена спагнанне і якой строгасці, магчыма сітуацыя, пры якой Марыя будзе прызнана злосна парушаючай парадак адбывання пакарання, што можа пацягнуць перавод у турму або змяшчэнне ў памяшканне камернага тыпу.
Падтрымаць Марыю:ПК №4, 246035, Гомель, Антошкіна, 3, Калеснікавай Марыі Аляксандраўне |
Былога палітвязня Ігара Банцэра зноў будуць судзіць
На гэты раз — за камунальныя паслугі, якія ён мусіў заплаціць, калі знаходзіўся на «хіміі».
Запазычанасць склала 81.66 рублі і пошліна ў 64 рублі.
Банцэр плаціць не хоча, бо са 130 дзён ён правёў 82 дні ў ШІЗА, піша "Белсат".
63-гадовую жанчыну арыштавалі за каментар у тэлеграме
Праваабаронцам стала вядома пра затрыманне 28 сакавіка ў Мінску Ірыны Алебовіч. Да яе прыйшлі з ператрусам два міліцыянты, узялі тэлефон, зверылі нік у тэлеграме, пасля гэтага паказалі сваю раздрукоўку з яе нікам і каментаром, і арыштавалі.
Зараз Ірыну перавялі ў Жодзіна. У жанчыны праблемы з ціскам і цукровы дыябет, але ёй не аказваецца неабходная медыцынская дапамога за кратамі — дапамогі ад турэмнага лекара яна атрымаць не можа.
У Шчучыне мужчыну затрымалі нібыта за рэгістрацыю ў «Плане Перамога»
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што мужчына восенню 2021 года прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце «Плана Перамога»
Інфармацыя дапаўняецца.
Крыніца: Затрыманні, ціск на палітвязняў: хроніка пераследу 5-6 красавіка