Нядопуск вялікай колькасці прэтэндэнтаў ад апазіцыйных структураў да ўдзелу ў выбарах – самая абуральная адметнасць этапа рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў 28-га склікання, які завяршыўся 18 студзеня. Пра адмовы на фармальных падставах апазіцыянерам, якія вылучаліся ў кандыдаты рознымі шляхамі, паведамляюць незалежныя назіральнікі і прадстаўнікі палітычных партый і рухаў з розных рэгіёнаў краіны. Аналітыкі лічаць гэты крок мясцовых уладаў лагічным працягам захадаў па забеспячэнні прызначанай Цэнтрвыбаркамам яўкі. Паказальны прыклад: у Мінску выбарчыя камісіі не зарэгістравалі пяцёх прадстаўнікоў Руху “За свабоду” з сямі. Пры гэтым, па словах кіраўніка руху Юрася Губарэвіча, як пад капірку спасылаліся на наяўнасць у падпісных аркушах несапраўдных подпісаў, а аднаму з вылучэнцаў агучылі ўвогуле абсурдную падставу: нібыта не задэклараваў кватэру, якой у таго папросту няма.

Праз нерэгістрацыю апазіцыйных вылучэнцаў кандыдатамі частка выбарчых акругаў па краіне сталі безальтэрнатыўнымі, але і гэта не спыніла тых, хто прымаў такія рашэнні.

Уладзімір Лабковіч, Каардынатар кампаніі

Адзін з каардынатараў кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” юрыст Уладзімір Лабковіч кажа, што арганізатары выбараў на месцах такім чынам спрабуюць вырашыць невырашальную сітуацыю.   

“Справа ў тым, што мясцовую выбарчую кампанію ў меншай ступені рэгулюе Цэнтрвыбаркам, тут вядзе рэй мясцовая вертыкаль, арганізатар гэтых выбараў. І мясцовыя ўлады пастаўлены перад неабходнасцю выканаць невыканальнае даручэнне – забяспечыць яўку на гэтых выбарах”.

Пры гэтым ён нагадвае, што Выбарчым кодэксам увогуле не ўстаноўлены які-небудзь парог яўкі на мясцовых выбарах.

“Тым не менш, старшынёй ЦВК Лідзіяй Ярмошынай ужо была агучаная чакаемая яўка – больш за 70%. Гэта фантастычная лічба для мясцовых выбараў, на якія людзі традыцыйна не ходзяць. Для Мінска дык увогуле. Я думаю, што прасцей арганізаваць палёт у космас, чым забяспечыць яўку ў 70% у сталіцы. І таму чыноўнікі разумеюць, што ім трэба агучаную яўку забяспечваць на ранейшых этапах выбарчай кампаніі, да датэрміновага галасавання. Для гэтага ім трэба пастарацца, каб адміністрацыйная працэдура, якая ў нас называецца выбарамі, была максімальна непразрыстай. Таму мы бачылі зачыстку выбарчых камісій, куды ўключана абсалютна мінімальная колькасць прадстаўнікоў апазіцыйных палітычных суб’ектаў. І таму зараз яны пайшлі на тое, што ў некаторых рэгіёнах, праз адмовы ў рэгістрацыі апазіцыйным вылучэнцам, зрабілі нават безальтэрнатыўныя акругі”, - кажа Уладзімір Лабковіч.

 Пераважная большасць назіральнікаў кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” адзначылі, што ім было забаронена прысутнічаць падчас праверкі выбарчымі камісіямі дакументаў, пададзеных для рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты.

З такой забаронай назіральнікі сутыкаюцца кожную выбарчую кампанію, нягледзячы на крытыку нацыянальных і міжнародных экспертаў за адсутнасць празрыстасці працэдураў і парушэнне міжнародных стандартаў у галіне свабодных выбараў.

“Калі адбываецца важная выбарчая працэдура, якая істотна ўплывае на права грамадзянаў абіраць і быць абранымі, то, безумоўна, інстытут назірання павінен быць уключаны ў гэтую працэдуру. Назіральнікі павінны прысутнічаць пры праверцы дакументаў вылучэнцаў у кандыдаты, каб адзначыць, чым сапраўды былі выкліканыя тыя ці іншыя рашэнні выбарчых камісій”, - кажа Уладзімір Лабковіч.

Многія назіральнікі накіроўвалі ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі лісты, указаўшы, што настойваюць на сваім праве прысутнічаць пры праверцы дакументаў вылучэнцаў - ім было адмоўлена ў гэтым праве. Ім адказвалі, што Выбарчы кодэкс не прадугледжвае прысутнасці назіральнікаў падчас праверкі сапраўднасці подпісаў і дакументаў для рэгістрацыі кандыдатамі ў дэпутаты. Маўляў, назіральнікі накіроўваюцца на пасяджэнні выбаркамаў, а працэдура праверкі подпісаў і дакументаў – гэта “тэхнічная праца” камісій, якая не з’яўляецца пасяджэннем.

Уладзімір Лабковіч звяртае ўвагу, што, дасылаючы такія адказы, тэрытарыяльныя выбаркамы не маюць рацыі.

“Хачу адзначыць, што тут трэба ў першую чаргу кіравацца законам. Выбарчы кодэкс не прадугледжвае іншых формаў працы камісій, апроч пасяджэння, правядзення галасавання і падліку галасоў. На дадзеным этапе выбарчай кампаніі гаворка ідзе пра тэрытарыяльныя і акруговыя камісіі: адзіная форма іх працы – пасяджэнне. Камісія – гэта калегіяльны орган, які павінен правяраць подпісы і дакладнасць звестак у дакументах вылучэнцаў, накіроўваць запыты ў дзяржаўныя органы і так далей толькі на сваіх пасяджэннях”.

Назіральнікі не пагаджаліся з адмовамі тэрытарыяльных камісій і звярталіся ў Цэнтрвыбаркам, апелюючы да артыкула 13 Выбарчага кодэкса, дзе гаворыцца пра адкрытасць і галоснасць выбарчага працэсу.

“У дзеючым Выбарчым кодэксе адсутнічае забарона назіральнікам прысутнічаць пры праверцы сябрамі камісіі подпісаў, сабраных ініцыятыўнымі групамі, а таксама пададзеных дакументаў (пратаколаў) ад працоўных калектываў і палітычных партый для рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты. Таму, кіруючыся прынцыпам, “што не забаронена законам, то дазволена”, а таксама ў сілу патрабаванняў часткi 1 арт. 13 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь, прапаную ЦВК даць указанне ніжэйстаячым выбарчым камісіям дазволіць прысутнасць назіральнікаў…” – пісаў назіральнік Леанід Свецік у ЦВК, атрымаўшы адмову з Віцебскай гарадской выбарчай камісіі.

Аднак старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына па-свойму трактуе прынцыпы, на якія спаслаўся назіральнік:

“Інфармуем, што змет прынцыпу галоснасці вызначаны ў артыкуле 13 Выбарчага кодэкса. Рэалізацыя гэтага прынцыпа забяспечваецца, у прыватнасці, наяўнасцю ў выбарчым працэсе інстытута назіральнікаў…

<…> Што тычыцца прыведзенага Вамі ў звароце агульнадазваляльнага прынцыпу “дазволена ўсё, што не забаронена”, то яго дзеянне прымяняецца пры вызначэнні прававога статуса асобы ў сферы прадпрымальніцкай дзейнасці і грамадзянскага абароту. У сферы публічнага права, часткай якога з’яўляецца выбарчае права, практычна ўсе адносіны рэгудююцца згодна з іншай прававой формулай – “дазволена толькі тое, што прадпісана законам”.

“Гэта не так”, - сцвярджае Уладзімір Лабковіч.

“Добра, канешне, што старшыня ЦВК Лідзія Міхайлаўна Ярмошына, якая з’яўляецца доктарам юрыдычных навук, разбіраецца не толькі ў выбарчым заканадаўстве, а значна шырэй, у заканадаўстве, якое рэгулюе прадпрымальніцкую дзейнасць, і іншым. Трэба ўсё ж адзначыць, што агульная тэорыя права сыходзіць з таго, што абмежаванне правоў грамадзянаў павінна насіць мінімальны характар і абмежавальныя нормы павінны быць вычарпальнымі. І з мэтай сапраўднай рэалізацыі правоў і свабодаў грамадзянаў у дэмакратычным грамадстве тое, што не забаронена, дазволена”.

Зыходзячы з адзначанага, запіс у артыкуле 13 Выбарчага кодэкса аб тым, што назіральнік мае права прысутнічаць пры праверцы подпісаў і дакументаў для рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты, не патрабуецца.

“Бо ў артыкуле 13-м ужо напісана, што назіральнік мае права прысутнічаць на пасяджэннях выбарчых камісій. Вось і праводзьце пасяджэнне, правярайце на ім гэтыя дакументы, і забяспечвайце назіральнікам магчымасць прысутнічаць пры гэтым. У адваротным выпадку, пры закрытай праверцы, вынікі этапу рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты выклікаюць вялікі недавер”, - кажа праваабаронца.

“Адзінае, што трэба было зрабіць і ЦВК і камісіям ніжэйшага ўзроўню ў дадзеным выпадку, гэта забяспечыць максімальную празрыстасць, тады б пытанняў не ўзнікала”, - падкрэслівае ён.

Нагадаем, што БДІПЧ АБСЕ у сваіх выніковых справаздачах таксама рабіў крытычныя заўвагі адносна гэтай працэдуры і пазначаў прыярытэтна ў рэкамендацыях, што назіральнікі павінны прысутнічаць пры ўсіх аспектах выбарчай кампаніі.

“Неабходна прыняць меры, забяспечыўшы бесперашкодны доступ да ўсіх аспектаў выбарчага працэсу. Назіральнікі павінны мець магчымасць ажыццяўляць назіранне за ўсім працоўным працэсам выбарчых камісій, уключна з праверкай подпісаў” – рэкамендацыя БДІПЧ АБСЕ па выніках парламенцкай кампаніі 2016 года.

Але ж арганізатары выбараў у чарновы раз прадэманстравалі грэбаванне рэкамендацыямі БДІПЧ АБСЕ.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Крыніца: Нерэгістрацыя апазіцыйных кандыдатаў скіравана на забеспячэнне прызначанай ЦВК яўкі