Ілюстрацыйнае фота. 4 сакавіка Брэсцкі абласны суд вынес рашэнне па справе Аляксандра Базарава. Мужчыну абвінавачваюць у здзяйсненні злачынства па ч. 1 арт. 130 «Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або розні».

Судовае пасяджэнне ўзначаліў суддзя Андрэй Васілюк. Той самы, якога указам Лукашэнкі №41 у лютым 2020 года прызначылі суддзёй Брэсцкага абласнога суда на 5 гадоў.

Для разгляду справы спатрэбілася некалькі судовых пасяджэнняў. Аляксандра Базарава абвінавачваюць у тым, што 12 лістапада 2020 года, знаходзячыся ў Баранавічах, «маючы намер на ўзбуджэнне ў насельніцтва іншай сацыяльнай варожасці і варожасці ў адносінах да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў» у інтэнэт-прасторы ён пакінуў са свайго тэлефона каментар, які і стаў прадметам судовага разбіральніцтва. Пра які менавіта каментар ідзе гаворка, не ўдакладняецца. Але на сухой мове судовых дакументаў гэта гучыць так: «размясціў у сетцы Інтэрнэт паведамленне, якое змяшчае выказванне пабуджальнага характару, якое заклікае да гвалтоўна-агрэсіўных дзеянняў у дачыненні да супрацоўнікаў АУС». Але здагадацца, пра што хаця б прыкладна напісаў абвінавачаны, не так і складана.

Вядома, што падчас судовага пасяджэння Аляксандр Базараў прызнаў сваю віну і раскаяўся.

4 сакавіка Брэсцкі абласны суд вынес рашэнне па гэтай справе. Згодна Крымінальнаму кодэксу Беларусі, вінаватых па дадзеным артыкуле могуць пакараць штрафам, або арыштам, або абмежаваннем волі на тэрмін да пяці гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін.

Зрэшты, было прадказальна, што штрафам у дадзеным выпадку дакладна не абыдзецца, бо калі ў Беларусі гаворка заходзіць пра інтарэсы і бяспеку супрацоўнікаў міліцыі, беларускія суды мяккія прысуды амаль ніколі выносяць. Так было і гэтым разам. Аляксандра Базарава прызналі вінаватым у здзяйсненні злачынства па ч. 1 арт. 130 «Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або розні» і прызначылі пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 2 гады і 6 месяцаў. Мабільны тэлефон, з якога абвінавачаны напісаў каментар, суд пастанавіў канфіскаваць.

Прысуд не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны і апратэставаны ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку.

Крыніца: Жыхару Брэста прысудзілі 2,5 гады пазбаўлення волі за заклік разабрацца з міліцыянтамі