9 сакавіка ў Мазыры да 2,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму асудзілі Антона Кошчанку. Яго прызналі вінаватым паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Менавіта такое пакаранне запрасіў прадстаўнік пракуратуры Ярмоленка. Прысуд вынесла суддзя Валянціна Новікава.
У судзе Антон Кошчанка адмовіўся ад дачы паказанняў. Але прадстаўнік пракуратуры Ярмоленка прачытаў з матэрыялаў справы нібыта чыстасардэчнае прызнанне Кошчанкі, атрыманае падчас утрымання яго ў СІЗА. У ім Кошчанка заяўляе, што распрацаваў і змясціў на абмеркаванне ў тэлеграм-канал «Мозырь 97%» план Палескага шляху-2020 на ўзор Балтыйскага шляху 1989 года. У ім людзі меліся стаць жывым ланцугом спачатку ад Мазыра да Калінкавічаў, а пазней маглі далучацца і жыхары іншых гарадоў і вёсак. Гэты план ён нібыта абмяркоўваў з нейкім чалавекам, з якім сустракаўся некалькі разоў у Мазыры. Але такой падзеі ў 2020 годзе ў мазырска-калінкавіцкім рэгіёне не адбывалася.
Таксама нібыта ён у жніўні 2020 года ў тэлеграм-каналах пры абмеркаванні прапанаваў блакаваць райвыканкам, РАУС, пракуратуру і Следчы камітэт і патрабаваць ад іх выканання заканадаўства, нібыта заклікаў выкарыстоўваць кактэйлі Молатава. Таксама ў абвінавачванні шмат іншых эпізодаў, з якіх падаецца, што Антон Кошчанка арганізаваў усю пратэстную актыўнасць у Мазыры.
Антона Кошчанку затрымалі яшчэ ў першы месяц паслявыбарных пратэстаў. Потым на нейкі час яго вызвалялі, але тры месяцы таму зноў зняволілі. З таго часу ён утрымліваўся ў месцах зняволення рэжыму Лукашэнкі.
Вядома, што жыхара Калінкавічаў Антона Кошчанку затрымлівалі ў Мозыры 10 ліпеня 2021 года: у ягоным пакоі ў інтэрнаце вісеў нацыянальны сцяг. Амаль тры дні ягоны бацька не моз даведацца нічога пра месцазнаходжанне Антона. І толькі калі ён напісаў заяву ў пракуратуру, бацьку паведамілі, што КДБ накіраваў яго ў СІЗА-3 Гомеля.
Тады Антон Кошчанка атрымаў 10 сутак і знаходзіўся ў ІЧУ на Акрэсціна і ў Жодзіна. Пасля гэтага яго адпусцілі да правядзення судовых экспертыз. 9 лістапада 2021 года яго зноў затрымалі, калі выклікалі для прафілактычнай гутаркі. Сёння ўжо чатыры месяцы, як Антон утрымліваецца ў гомельскім СІЗА.
Крыніца: Мужчыну асудзілі да 2,5 гадоў калоніі за арганізацыю жывога ланцуга, якога не было