Пасля пачатку вайны затрымалі мінімум восем беларусаў за падазрэнне ў зрыве графіку руху расейскіх цягнікоў са зброяй і датычных да фізічнага пашкоджання інфраструктуры чыгункі ў Беларусі. "Live. Сообщество железнодорожников Беларуси" 6 сакавіка пісала, што з-за дыверсій ("рэйкавай вайны") і кібер-нападаў на інфраструктуру Беларускай чыгункі, па Беларусі перасталі пераганяць арганізаваныя воінскія эшалоны з тэхнікай і боепрыпасамі расійскіх войскаў. Затрыманым інкрымінуюць падтрыхтоўку да акта тэрарызма, ім пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі. "Вясна" распавядае ўсё, што вядома па гэтых справах. Як паведамляла МУС, з 28 лютага на 1 сакавіка на тэрыторыі Магілёўскай, Гомельскай і Мінскай абласцей зафіксавана тры факты знішчэння сігнальнага абсталявання, блакавання чыгуначных шляхоў.  Супраць затрыманых узбуджаюць крымінальныя справы па арт. 289 Крымінальнага кодэкса (акт тэрарызма).

Следчы камітэт: "З тэрарыстамі не дамаўляюцца, іх знішчаюць"

"Папярэджваем усіх, хто нават падумае здзяйсняць любыя супрацьпраўныя дзеянні на Беларускай чыгунцы: усе яны будуць кваліфікаваныя як акт тэрарызму і рэакцыя будзе максімальна жорсткай. З тэрарыстамі не дамаўляюцца, іх знішчаюць", — кажуць у ведамстве.

Віцебск: "планаваў вывядзенне са строю чыгуначных сістэм"

vicebsk_8q.jpg
Сяргей Канавалаў

6 сакавіка супрацоўнікі ГУБАЗіКа і АМАПу затрымалі жыхара Віцебска за "падрыхтоўку акта тэрарызму". Па дадзеных МУС, мужчына планаваў вывядзенне са строю сістэм, якія забяспечваюць бяспеку чыгуначнага руху. 

Па інфармацыі Чыгуначны тэлеграм-канал @bel_zhd, затрыманым з'яўляецца супрацоўнік Віцебскай дыстанцыі сігналізацыі і сувязі УП "Віцебскае аддзяленне Беларускай чыгункі" Сяргей Канавалаў. Супольнасць чыгуначнікаў паведамляе, што затрыманы мужчына быў пасля канфлікту з ідыёлагам:

"Напярэдадні затрымання Канавалаў уступіў у канфлікт з намеснікам начальніка дыстанцыі сігналізацыі і сувязі па ідэалогіі, былым начальнікам транспартнай міліцыі, Глячковым В. А. (з якім раней ужо канфліктаваў). Глячкоўз ведама начальніка дыстанцыі Селіёнава і. В. паведаміў у ГУБАЗіК і КДБ аб падрыхтоўцы дадзеным работнікам дыверсіі, у выніку чаго Канавалава і арыштавалі без якіх-небудзь на тое рэальных падставаў".

Па інфармацыі МУС Канавалаў меў доступ да ўказанага абсталявання, але як піша "Live. Сообщество железнодорожников Беларуси" Канавалаў не працаваў на перагонах, ён працаваў толькі ў будынку.

Супраць мужчыны распачалі крымінальную справу за падрыхтоўку да акта тэрарызму.

Светлагорск: "Спалілі шафу сігнальнай устаноўкі на чыгунцы"

dzikun_92.png
Дзяніс Дзікун

4 сакавіка ў Светлагорску затрымалі трох мясцовых жыхароў. Як сцвярджае прэс-служба МУС, 29-гадовы светлагорац разам з двума знаёмымі ўвечары 28 лютага прыйшлі на чыгуначны перагон за горадам, двое з іх аблілі гаручай рэлейную шафу сігнальнай устаноўкі і падпалілі — абсталяванне выгарэла. На іх завялі крымінальную справа за ўчыненне акту тэрарызму.

З 2 сакавіка ў Светлагорску праходзілі ператрусы ў сувязі са спаленым абсталяваннем. Тады на перагоне Астанкавічы — Жэрдзь гомельскага аддзялення Беларускай чыгункі была спаленая рэлейная шафа сігналізацыі, цэнтралізацыі і блакавання (СЦБ), і ў выніку святлафоры і стрэлачныя пераводы на гэтым участку ў непрацоўным стане. Перагон Астанкавічы — Жэрдзь знаходзіцца на лініі Жлобін — Калінкавічы, якая далей працягваецца на Оўруч (Жытомірская вобласць Украіны). Лінію пабудавалі як найкарацейшы шлях для вайсковых эшалонаў у бок Украіны падчас Першай сусветнай вайны.

Праваабаронцам вядома, што 4 сакавіка ў Светлагорску былі затрыманыя Дзмітрыя і Наталлі Равіч (муж і жонка), брата Наталлі Дзяніса Дзікуна і ягонай дзяўчыны Алісы Маланавай. У праўладных тэлеграм-каналах з'явілася "пакаяльнае відэа" з Дзянісам Дзікуном. На відэа Дзяніс выглядае збітым. Ён кажа, што па ўказанні ByPOL падпаліў яшчэ з двума чалавекамі 28 лютага шафу сігнальнай устаноўкі на станцыі "Жэрдзь-Астанковічы".

Следчы камітэт 4 сакавіка паведаміў пра затрыманне 30-гадовага жыхара Светлагорску. СК сцвярджае, што ён дзейнічаў у змове са сваім сваяком, які пасля падзей жніўня 2020 году выехаў з Беларусі ў Літву, дзе хаваўся ад крымінальнага пераследу. Ад BYPOL затрыманы нібыта «атрымаў заданне ажыццявіць акты тэрарызму на чыгунцы». СК сцвярджае, што затрыманы меў «падрабязныя інструкцыі і відэаўрокі пра тое, як вырабляць прылады злачынства і ўчыняць тэракты на чыгуначных аб’ектах».

Асіповічы: "выказаў гатоўнасць садзейнічаць акцыям прамога дзеяння з мэтай недапушчэння прасоўванняў эшалонаў з ваеннай тэхнікай"

2 сакавіка супрацоўнікі ГУБАЗіКа ў Асіповічах затрымалі 43-гадовага мясцовага жыхара. Па інфармацыі праваабаронцаў, гэта Аляксей Шышкавец.

Па інфармацыі МУС, у пачатку 2022 года мужчына «ўвайшоў у склад экстрэмісцкага фармавання ByPol, аўтарызаваўшыся ў мабілізацыйным чат-боте для здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў у Беларусі». 1 сакавіка ён нібыта атрымаў указанні па блакіроўцы чыгуначных шляхоў, а таксама па вырабе і выкарыстанні «кактэйляў Молатава».

У адносінах да фігуранта распачата крымінальная справа за ўдзел у экстрэмісцкім фарміраванні з мэтай учынення злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці. 

"Ён выказаў актыўную гатоўнасць садзейнічаць акцыям прамога дзеяння на аб'ектах чыгункі ў раёне горада Асіповічы з мэтай правядзення дыверсій і недапушчэння прасоўванняў эшалонаў з ваеннай тэхнікай", — кажа начальнік магілёўскага абласнога ўпраўлення ГУБАЗіК МУС Міхаіл Сухачоў.

Супраць Аляксея ўзбудзілі крымінальную справу за ўдзел у экстрэмісцкім фарміраванні з мэтай здзяйснення злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці (арт. 361-1 КК).

Стоўбцы: "паклаў два палена на шляхі і падпаліў"

no_war_viasna.jpeg
Сяргей Глебка

Па інфармацыі МУС, у ноч з 1 на 2 сакавіка ў Стоўбцах затрыманы мясцовыя жыхары, муж з жонкай, якія на чыгуначных шляхах здзейснілі падпал бярвення з мэтай перашкоды руху цягнікоў. Як стала вядома праваабаронцам "Вясны", гэта Сяргей і Кацярына Глебкі. Дома ў іх трое непаўнагадовых дзяцей. На "пакаяльным відэа" бачна, што Сяргей збіты.

«Мужчына ўсё здымаў на мабільны з адпаведным каментарыем, дзе адкрыта выказваў свае тэрарыстычныя намеры. Яму пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі», — піша МУС.

"Паклаў два палена на шляхі, так як нагледзеўся телеграм-каналаў і быў не згодны, хацеў як бы выказаць сваю падтрымку і падпаліў гэтыя палена", — кажа мужчына на відэа і раскайваецца ў здзейсненым.

Супраць Сяргея Глебкі распачата крымінальная справа па арт. 289 КК (акт тэрарызму).

Жодзіна: затрыманы "рэйкавы партызан"

2 сакавіка ў Жодзіне быў затрыманы 35-гадовы "рэйкавы партызан", але падрабязнасці справы не паведамляюцца.

Крыніца: З пачатку вайны затрымалі мінімум 8 "рэйкавых партызанаў": што вядома пра "рэйкавую вайну" ў Беларусі