Рэпрэсіі супраць беларусаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады працягваюцца. Напярэдадні і ў асноўны дзень галасавання на рэферэндуме па зменах у Канстытуцыі затрымліваюць грамадзян, праводзяць ператрусы і ўжываюць іншыя формы ціску на беларусаў. Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае апошнія факты палітычнага пераследу ў Беларусі. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Затрыманні 27 лютага - у асноўны дзень галасавання на рэферэндуме

Раніцай 27 лютага ў Бабруйску затрымалі Галіну Смірнову. Лідарку бабруйскай арганізацыі АГП завезлі ў РАУС, паведамляюць магілёўскія праваабаронцы. 

Затрыманні 26 лютага

Мінск

Праваабаронцам стала вядома, што ў Мінску затрыманая Людміла Паўлоўская. Яна хворая на эпілепсію. Пакуль вядома тое, што сёння жанчына сядзела на лаўцы, размаўляла з маці па тэлефоне, калі падыйшлі сілавікі, папрасілі пашпарт і затрымалі.

paulouskaja_l.jpg
Людміла Паўлоўская

Жанчыну тройчы затрымлівалі ў 2020 годдзе — падчас аднаго з затрыманняў у яе здарыўся прыступ, але міліцыянты не выклікалі ёй хуткую, а суддзя Вікторыя Крэпская прысудзіла Людміле 25 сутак арышту.

Зранку 26 лютага ў Мінску АМАП дома затрымаў жонку і мужа — Аксану Будзіловіч і Віталя Будзіловіча. Падрабязнасцяў пра месцазнаходжанне Аксаны і Віталя пакуль няма. Таксама ў Мінску быў затрыманы Андрэй Белянкевіч.

ГУБАЗіК затрымаў Дзяніса Грома, педагога адной з мінскіх школ (вядома, што раней ён працаваў педагогам Крупіцкай школы мастацтваў). На праўладным тэлеграм-канале з'явілася «пакаяльнае відэа» з Громам, дзе мужчына кажа, што размяшчаў у сацсетках «заклікі да партызанскай вайны і забойства прэзідэнта».

Мазыр

У Мазыры 26 лютага адбыўся ператрус у сям'і Мінковых. У выніку гэтых дзеянняў былі адабраныя ўсе гаджэты, якімі яны карысталіся. Пасля вобшуку Мікалая Мінкова павезлі на допыт, а жонка Аліна засталася дома.

Таксама ў Мазыры прайшоў ператрус у мясцовага актывіста Арцёма Савіцкага. Раней яго прыцягвалі да адміністратыўнай адказнасці па «народным» артыкуле 23.34 КаАП і пакаралі штрафам у 30 базавых. Савіцкі змешчаны ў ІЧУ Мазырскага РАУСа, паведамляе "Гомельская Вясна".

Ваўкавыск

Праваабаронцам стала вядома пра затрыманне ў Ваўкавыску Людмілы Шрубок, Ліліі Юруць і Уладзіміра Краўцэвіча, якія выйшлі на акцыю пратэсту са сцягамі. Іх затрымаў гродзенскі ГУБАЗіК. Дома ў затрыманых прайшлі ператрусы.

Дрыбін

У Дрыбіне (Магілёўская вобласць) быў затрыманы мясцовы грамадскі актывіст Андрэй Юркоў. Па папярэдняй інфармацыі суд над ім адбудзецца ў панядзелак. Прычына затрымання невядомая.

Крыніца: Затрыманні і вобшукі напярэдадні і падчас асноўнага дня галасавання на рэферэндуме