З аншлагам 17 студзеня прайшло паседжанне Жодзінскай гарадской выбарчай камісіі, на якім адбывалася рэгістрацыя кандытаўтаў у дэпутаты гарсавета: у актавай залі гарвыканкама сабралася больш за 80 чалавек.
Без заўвагаў і страт прайшла рэгістрацыя ўсіх 48 прэтэндэнтаў, якія вылучаліся ад прадпрыемстваў і арганізацый. З 24-х прэтэндэнтаў, якія вылучаліся шляхам збору подпісаў грамадзян, зарэгістраваныя толькі 18 чалавек.
У выніку ў Жодзіна на 38 акругах з 75 прэтэндэнтаў у мясцовых выбарах будуць удзельнічаць 69 чалавек. Пры гэтым, 7 акругаў будуць безальтэрнатыўнымі – там вылучана па 1-му кандыдату.
Назіральнік Аляксей Лапіцкі, які з прыгодамі патрапіў на паседжанне камісіі, прыводзіць прычыны нерэгістрацыі кандыдатамі шасці прэтэндэнтаў:
Мікалай Дэдыскейн: пры праверцы забракавана - 11 подпісаў , што складае 26,3% ад неабходных 75-ці; Аксана Мятліцкая: пры праверцы забракавана 7 подпісаў з 75, неабходных для вылучэньня; Ігар Мыцько: пры праверцы забракавана 12 подпісаў, альбо 40% ад неабходных; Ігар Каперскі: забракавана 8 подпісаў – 32,6%; Таццяна Круглік: забракавана 7 подпісаў – 23,3%; Анастасія Герыловіч:забракавана 7 подпісаў, альбо 23,3%.
Назіральнік адзначае, што па пытанні рэгістрацыі-нерэгістрацыі кандыдатаў напрацягу амаль 2-х гадзінаў старшынём паседжання зачытвалася інфармацыя па кожнай кандыдатуры.
Напрыканцы паседжання адбылася прэцэдура ўручэння зарэгістраваным кандыдатам адпаведных пасведчанняў. Усе прысутныя былі праінфармаваныя пра ўмовы правядзення агітацыйнай кампаніі, неабходнасць выканання патрабаванняў ВК Беларусі, у тым ліку, пры вырабе й распаўсюдзе візуальнай прадукцыі, арганізацыі агітацыйных сходаў і мітынгаў.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары” паводле licviny.info
Крыніца: Жодзіна: 7 акруг – безальтэрнатыўныя, 6 прэтэндэнтаў незарэгістравана