Мазырская раённая камісія па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў на сваім паседжанні 18 студзеня зарэгістравала кандыдатамі ў дэпутаты райсавета практычна ўсіх вылучэнцаў па ўсіх 40 выбарчых акругах.
Выключэнне склалі толькі некалькі прэтэндэнтаў, якія вылучаліся ад працоўных калектываў. Па Купалаўскай ВА №2, дзе падалі дакументы 3 прэтэндэнты, адмовілі стропальшчыку домабудаўнічага камбіната Алексею Штукару. Усе адабраныя двойчы (20% і 15 %) подпісы не адпавядаюць патрабаванням ВК: адсутнічае места жыхарства - “г. Мазыр”. Па такой жа прычыне адмову атрымаў і слесар цэха №9 ААТ “МНПЗ” Мікалай Глебаў (Школьная ВА №17). Аператар ААТ “МНПЗ” Раман Скуратоўскі ў дэкларацыі аб даходах не ўказаў звесткі ад продажы аўтамабіля 10000 рублёў ( памылка можа складаць не больш за 20%, а атрымалася 21%) па ВА №14.
Не складзе канкурэнцыі дырэктару “Аўтобуснага парка №2” Сяргею Кашэвічу па ВА №29 кандуктар Яўген Карпавец. Яму не хапіла адпаведнай колькасці подпісаў – з 80 здадзеных, 14 не пражываюць на тэрыторыі акругі і 4-х закрэслілі самі сябры ініцыятыўнай групы.
Мазырскі назіральнік Уладзімір Целяпун, які прысутнічаў на паседжанні камісіі, адзначае, што не ўсе претэндэнты ад КПБ, якія зарэгістравалі ініцыятыўныя групы, здолелі сабраць подпісы выбаршчыкаў, таму ішлі па партыйнах спісах: першы сакратар Мазырскага гаркама КПБ Дзяніс Ранчынскі па ВА №27 і Таццяна Карасёва, галоўны юрысконсульт філіала ААТ “АЗБ “Беларубанк” па ВА №5
Такім чынам у Мазырскім раёне канкурэнтная барацьба паміж кандыдатамі будзе чакацца толькі на 5 выбарчых акругах з сарака, прычым на 4-х з іх апанентамі з’яўляюцца сябры партыі ад КПБ.
На паседжанні камісіі Уладзіміру Целяпуну было адмоўлена ў магчымасці азнаёміцца з пратаколам паседжання Мазырскай раённай выбарчай камісіі ад 10.01.2018, на якой разглядалася заява назіральніка аб магчымасці прысутнічаць пры працэдуры праверкі подпісаў.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”.
Крыніца: Мазыр: у кандыдаты не прайшлі пераважна вылучэнцы ад працоўных калектываў