Рэпрэсіі супраць беларусаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады працягваюцца: па-ранейшаму затрымліваюць грамадзян, праводзяць ператрусы і ўжываюць іншыя формы ціску на беларусаў. Тэлеграм-чаты і каналы прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і фарміраваннямі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае апошнія факты палітычнага пераследу ў Беларусі. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Затрыманні і ператрусы

15 лютага з ператрусам прышлі ў дом маці актывісткі анархічнага руху Марыны Касінеравай Людмілы Насенка

Ордар на ператрус быў па арт. 361 Крымінальнага кодэкса — «Заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь». Ператрус праводзілі каля гадзіны трое супрацоўнікаў бабруйскага КДБ з санкцыі пракурора.

Сёння раніцай да палітвязня Станіслава Паўлінковіча, які адбывае тэрмін на «хіміі» ў Крупках, прыехалі супрацоўнікі КДБ.

У яго пакоі зрабілі ператрус, прымусілі разблакаваць тэлефон, пасля чаго павезлі ў невядомым накірунку. Дзе зараз Паўлінковіч і ў якім ён статусе — невядома.

Станіслаў Паўлінковіч. Фота з сайта mspring.online
Станіслаў Паўлінковіч. Фота з сайта mspring.online

14 лютага ў Мінску быў затрыманы грамадскі актывіст Яўген Батура. Каля 10 раніцы міліцыянты прыйшлі да актывіста дамоў і сказалі, што яму трэба праехаць для «прафілактычнай гутаркі» ў Цэнтральнае РУУС. Міліцыянты пасадзілі яго ў шэры бус і павезлі. З таго часу сувязі з ім не было. Пасля абеду жонка Яўгена змагла датэлефанавацца ў РУУС, дзе ёй пацвердзілі, што Батура ў іх, ён затрыманы за нібыта «адміністрацыйнае правапарушэнне», але за якое менавіта, казаць адмовіліся. Таксама ў РУУСе сказалі, што да суда Яўген паедзе ў ІЧУ.

Аднак Яўгена праз 6 з паловай гадзін раптам адпусцілі.

batura_yauhen.jpg
Яўген Батура

Таксама ў гэты ж дзень каля 11 раніцы ў Мінску затрымалі актывістаў «Еўрапейскай Беларусі» Леаніда Кулакова і Маю Навумаву.

Іх адвезлі ў Першамайскі РУУС, правялі гутарку, пратрымалі у камеры з 12 да паловы шостай і адпусцілі. Падчас гутаркі міліцыянт адзначыў, што іх затрыманне звязана з надыходзячым рэферэндумам.

12 лютага стала вядома пра затрыманне былога супрацоўнік пракуратуры Алега Ермакова. З ім з'явілася «пакаяльнае відэа» на праўладных тэлеграм-каналах. Мужчыну абвінавачваюць у тым, што ён зліваў прыватныя звесткі сілавікоў у тэлеграм-канал Nexta. Папярэдне, яму інкрымінуецца «распальванне варожасці» па ч.1 арт. 130 КК.

ermakoy_1202.jpg
Алег Ермакоў

Ліквідацыя арганізацый і новае экстрэмісцкае фармаванне

Улады ліквідуюць MAKEOUT — праект пра гендар, сэксуальнасць і асаблівасці іх праяваў у Беларусі. Пра гэта ў Facebook паведаміў яго сузаснавальнік Нік Анціпаў.

«Учора атрымаў ліст аб пачатку ліквідацыі ўстановы MAKEOUT у Беларусі. Нягледзячы на тое, што ўстанова даўно не робіць актыўнай дзейнасці, я чакаў, пакуль яны самі прыйдуць. Прыйшлі».

15 лютага стала вядома, што ў спісе экстрэмісцкіх фармаванняў з'явіўся тэлеграм-чат з назвай «Волейбол по выходным». Такое рашэнне прынала КДБ Беларусію.

Ціск на зняволеных

Праваабаронцам стала вядома, што напрыканцы студзеня палітвязня Паўла Вінаградава змяшчалі ў ШІЗА на 7 сутак. Таксама палітвязня паставілі на прафілактычны ўлік як «схільнага да захопу закладнікаў, нападу на адміністрацыю і хуліганскіх праяваў». Нагадаем, раней Паўла ўжо паставілі на ўлік як «схільнага да экстрэмізму і іншай дэструктыўнай дзейнасці».

Плануецца, што дата суда над Паўлам будзе вызначана напачатку сакавіка.

Павел Вінаградаў. Фото: 34mag.net
Павел Вінаградаў. Фото: 34mag.net

Таксама ў ШІЗА змясцілі палітзняволеную Сафію Малашэвіч. 18 лютага дзяўчына адзначыць 20-годдзе.

Маці 19-гадовай Сафіі Малашэвіч, якую асудзілі да 2 гадоў калоніі, згубіла з ёй сувязь амаль на месяц. Сёння стала вядома, што да дзяўчыны змог трапіць адвакат. У штрафным ізалятары Сафію будуць утрымліваць да 17 лютага, а ўжо на наступны дзень, 18 лютага, яна будзе святкаваць Дзень народзінаў. Ёй споўніцца 20 гадоў.

«У яе ўсе добра. Прасiла дасылаць паштоўкi тым, хто пажадае павiншаваць яе з днём народзiнаў», — перадала маці палітзняволенай.

Крыніца: Затрыманні, ператрусы і прафілактычныя гутаркі перад рэферэндумам. Хроніка пераследу 12-15 лютага