Праваабаронцы і валанцёры «Вясны» працягваюць маніторыць судовыя пасяджэнні па крымінальных справах, звязаных з нецярпімасцю беларускіх уладаў да любых формаў праяваў пратэсту. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, самым распаўсюджаным інструментам рэпрэсій сёння з'яўляецца крымінальны пераслед па дыфамацыйных артыкулах: за абразу прэзідэнта, прадстаўнікоў улады, суддзяў, а таксама за здзек з дзяржаўных сімвалаў (арт. 368, 369, 370, 391 КК). «Вясна» распавядае, каго і за што ў Беларусі судзілі па гэтых артыкулах за мінулы тыдзень. "Вясна" збірае інфармацыю з "палітычных" судовых пасяджэнняў, што адбываюцца па ўсёй краіне. Калі ласка, дасылайце нам аўдыё і тэкставую інфармацыю ў Telegram@ViasnaSOS@spring96infoі Emailviasna@spring96.org

Суд Навабеліцкага раёна горада Гомеля. Фота: gomelstreet.by
Суд Навабеліцкага раёна горада Гомеля. Фота: gomelstreet.by

Судом Навабеліцкага раёна горада Гомеля 7 лютага разгледжаная крымінальная справа ў дачыненні да Уладзіміра Яўстраценкі за абразу прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (ч.1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса РБ). Справу разглядаў суддзя Арцём Манжос.

Па матэрыялах абвінавачання, Уладзімір Яўстраценка 21 жніўня 2021 года, “будучы ў стане алкагольнага ап'янення, ажыццявіў тэлефонны званок на спецыяльную лінію «102» аддзела АДС  міліцыі грамадскай бяспекі УУС Гомельскага аблвыканкама, падчас якога дапусціў выказванні, якія змяшчалі ненарматыўную форму маўленчага выказвання ў дачыненні да кіраўніка дзяржавы, тым самым сваімі дзеяннямі публічна абразіў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Абвінавачаны сваю віну ў здзяйсненні злачынства прызнаў цалкам.

Прысудам суда абвінавачаны Яўстраценка прызнаны вінаватым у публічнай абразе прэзідэнта  Рэспублікі Беларусь. Яму прызначылі пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 1 год з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Суд таксама пастанавіў прымяніць да абвінавачанага прымусовыя меры бяспекі і лячэння ад хранічнага алкагалізму.

Суд Кастрычніцкага раёна горада Віцебска 9 лютага вынес прысуд мясцоваму жыхару Андрэю Кузняцову, якога абвінавацілі ў абразе суддзі або народнага засядацеля (арт. 391 Крымінальнага кодэкса). Пацярпелая па справе – суддзя Цэнтральнага раёна Мінска Вікторыя Шабуня. Абвінавачаны пакінуў пад яе фотаздымкам ў сацыяльных сетках размясціў абразлівы каментар.

Суддзя Ганна Тылец пакарала Андрэя Кузняцова абмежаваннем волі на 2,5 гады без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. 

Віцебляніна асудзілі за знявагу мінскай суддзі Вікторыі Шабуні

Пракурорка звярнула ўвагу, што “грамадская небяспека ў абразе прадстаўніка ўлады, суддзяў у сувязі выканання іх абавязкаў ўяўляе павышаную небяспеку".

9 лютага суд Чыгуначнага раёна горада Гомеля ў закрытым пасяджэнні асудзіў Канстанціна Прусава. Суддзя Яраслаў Парэмскі прызнаў яго вінаватым адразу па трох артыкулах крымінальнага кодэкса:

  • згодна з ч.1 арт.367 КК (“Паклёп у дачыненні да прэзідэнта РБ”) – пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін тры гады;
  • згодна з ч.1 арт.368 КК (“Публічная абраза прэзідэнта РБ”) – пазбаўленне волі на тэрмін два гады;
  • Згодна з арт.369 КК (“Абраза прадстаўніка ўлады”) –  пазбаўленне волі на тэрмін 1 год 6 месяцаў са штрафам у памеры 100 базавых велічынь (3200 рублёў).

Шляхам частковага складання Прусаву прызналі канчатковае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на 3,5 гады ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму са штрафам у памеры 100 базавых велічыняў (3200 беларускіх рублёў). Мабільны тэлефон Прусава канфіскаваны ў даход дзяржавы.

9 лютага судзе горада Івацэвічы і Івацэвіцкага раёна разглядзеў справу ў дачыненні да Вольгі Кронды. Жанчыну прызналі вінаватай у здзяйсненні злачынства па арт. 369 КК РБ (“Абраза прадстаўніка ўлады”). Жанчыну абвінавацілі ў тым, што яна ў адным з тэлеграм-чатаў пад фотаздымкамі 33-гадовага капітана міліцыі оперупаўнаважанага Івацэвіцкага РАУСа Руслана Куцко напісала: «абаср...ўсяі зняславіўся».

Гэта ўжо другі суд над Вольгай Кронда. Першы суд адбыўся ўлетку мінулага года. Тады прычынай ўзбуджэння крымінальнай справы па арт. 369КК РБ стаў каментар, які Вольга пакінула ў телеграм-канале «Каратели Беларуси». Пад фота таго ж самага Куцко яна напісала «знаёмая морда», пасля чаго паставіла тры эмодзі ў выглядзе лайна. Тады суддзя Аляксандр Кірыловіч прызначыў жанчыне два гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (хатняйя «хімія») і абавязаў выплаціць пацярпеламу Куцко дзве тысячы рублёў у якасці маральнай кампенсацыі. Цяпер жа Вользе, якая ўжо адбывае “хатнюю хімію”, суддзя Арцём Падалянец прызначыў тры гады “хатняй хіміі”, і  ў выніку, шляхам частковага складання з тэрмінам, які Вольга ўжо адбывае, жанчыне дадалі яшчэ адзін год. Такім чынам жанчыне прыйдзецца адбыць тры гады “хатняй хіміі”. А да таго ж выплаціць 1000 беларускіх рублёў маральнай кампенсацыі абражанаму міліцыянту і 1 600 беларускіх рублёў (50 базавых велічынь) штрафу. Падрабязней:

Жанчыну з Івацэвічаў двойчы асудзілі за абразу аднаго і таго ж міліцыянта: першы - за эмодзі з лайном, другі - за «абаср..ся і зняславіўся»

9 лютага суд Івацэвіцкага раёна разглядзеў ўжо другую справу Вольгі Кронды.

Як паведамляе media-polesye, 7 лютага у судзе горада Пінска і Пінскага раёна КВЗшчыка Васіля Краўчука асудзілі за жарт у тэлеграм-канале.

“У снежні 2020 года Васіль Краўчук зайшоў на адзін з тэлеграм-каналаў і ўбачыў там паведамленне аб тым, што ў адной з устаноў адукацыі краіны дзяўчына-міліцыянер крычала на дзяцей, выкарыстоўваючы пры гэтым нецэнзурную лексіку. Было шмат каментароў, якія асуджаюць падобныя паводзіны супрацоўніцы МУС РБ. І Васіль вырашыў адрэагаваць на гэты конт жартам, які гучаў на расейскім тэлебачанні ў праграме КВЗ. Гэта быў перафразаваны фрагмент вядомай дзіцячай песенькі «Пусть бегут неуклюже» з мультфільма пра Чабурашку і кракадзіла Гену. Частка прыпеву «А я играю на гармошке у прохожих на виду, к сожаленью, день рожденья только раз в году» у інтэрпрэтацыі вясёлых і знаходлівых прагучала па-іншаму”, – піша media-polesye.

Васіль Краўчук. Фота: media-polesye
Васіль Краўчук. Фота: media-polesye

У выніку Васіля Краўчука прызналі вінаватым у арт. 369 КК РБ (“Абраза прадстаўніка ўлады”) пакаранне ў выглядзе двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу і штраф у памеры 1000 беларускіх рублёў.

Таксама праваабаронцам стаў вядомы прысуд, вынесены 25 студзеня 2020 года судом горада Століна і Столінскага раёна ў дачыненні да Аляксея Хвацюка. Мужчыну абвінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады – оперупаўнаважанага групы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі крымінальнай міліцыі аддзела ўнутраных спраў. У адным з тэлеграм каналаў было размешчана яго фота у грамадзянскім адзенні. І, згодна з абвінавачваннем, Хвацюк размясціў пад ім негатыўны каментар.

Падчас суда абвінавачаны сваёй віны не прызнаў. Ён адзначыў, што не ведаў, што на фота—супрацоўнік міліцыі. Пад фота было некалькі іншых каментароў, а Хвацюк пакінуў адказ на апошні з іх. Аляксей не памятае, ці сапраўды ён пакінуў гэты каментар, бо мае праблемы са здароўем і прымае медычныя прэпараты.

У выніку суддзя Дзмітрый Карасінскі прызначыў Аляксею Хвацюку два гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, а таксама спагнаць з яго матэрыяльную кампенсацыю маральнай шкоды ў адрас абражанага міліцыянта ў памеры 1000 беларускіх рублёў.

Палітвязень, пенсіянерка, вайсковец...

Каго і за што на пазамінулым тыдні судзілі паводле дыфамацыйных артыкулаў?

Крыніца: І “хімія”, і калонія. Якія прысуды вынеслі па дыфамацыйных артыкулах на мінулым тыдні?