Прынцыповая адмова Міхаіла Жамчужнага ісці ў атрад для асоб з “нізкім статусам” каштавала яму 5 сутак у ШІЗА.
17 студзеня ў Магілёўскім абласным судзе судовая калегія пад кіраўніцтвам Аляксея Якаўлева адмовіла вязню папраўчай калоніі №9 Міхаілу Жамчужнаму у задавальненні скаргі. Заснавальнік праваабарончай арганізацыі “Платформа”, прызнаны палітвязнем, лічыць, што яго незаслужана змясцілі на пяць сутак у ШІЗА. Паколькі сам Жамчужны не мог прысутнічаць на пасяджэнні, падрабязнасці справы распавёў сайту mspring.online ягоны адвакат Вадзім Мушынскі.
– Трэцяга жніўня Міхаіла змясцілі на пяць сутак у штрафны ізалятар за адмову ад пераводу ў атрад №13 горацкай ПК №9. Адміністрацыя калоніі адмовілася ўлічваць той факт, што калі Жамчужны патрапіць у той атрад, яго здароўю і жыццю будзе пагражаць небяспека, – паведаміў абаронца.
Паводле яго, усё пачалося з канфлікту з іншымі вязнямі. Жамчужны, нібыта, узяў цыгарэты ў чалавека з “нізкім статусам” у турэмнай іерархіі. Такія кантакты заўсёды цягнуць негатыўныя наступствы – чалавеку забараняюць мець зносіны з іншымі вязнямі “вышэйшага статусу”, зневажаюць, прымушаюць рабіць самую брудную працу і іншае. Вязня захацелі адправіць з атрада №2 ў атрад №13 – там утрымліваюцца людзі з «нізкім статусам».
– Па надуманых прычынах яго нібыта аднеслі да зняволеных з нізкім статусам. Міхаіл Жамчужны не прыняў такога рашэння і ўсё адмаўляў. Адмова ад пераходу ў трынаццаты атрад была не проста жэстам непадпарадкавання, гэта яшчэ і спроба абараніць сябе, – пераконваў суд адвакат.
З яго слоў, службовая праверка паказала, што іншыя зняволеныя пагражалі Жамчужнаму расправай. Аднак адміністрацыя калоніі і Горацкі раённы суд гэты факт праігнаравалі, хаця ён адзначаны ў матэрыялах справы.
Паседжанне ў абласным судзе цягнулася каля пятнаццаці хвілін. Калегія не ўбачыла прычын задавальняць скаргу палітвязня.
У каментары для журналістаў Вадзім Мушынскі паведаміў, што праблемы паўсталі толькі ў ПК №9. Да гэтага праваабаронца адбываў частку тэрміну ў двух іншых калоніях і ні з чым такім не сутыкаўся. Гісторыя пра цыгарэты ад вязня з «нізкім статусам» – гэта не больш, чым спроба дыскрэдытаваць Жамчужнага.
– Міхаіл раней ужо сядзеў, ды і ў гэты раз вялікая частка тэрміну мінула. Ён цудоўна ведае ўсе няпісаныя нефармальныя турэмныя законы, таму падставіцца не мог.
У кастрычніку палітвязень накіраваў адміністрацыі ПК №9 заяву аб пераводзе яго ў бяспечнае месца, аднак адказу ніякага не атрымаў. Замест гэтага зняволенага рэгулярна пад выглядам дысцыплінарных спагнанняў змяшчаюць у ШІЗА і памяшканне камернага тыпу.
Крыніца: Магілёўскі абласны суд не ўбачыў правакацыяў у дачыненні да палітвязня