Рэпрэсіі супраць беларусаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады працягваюцца. 9 лютага па-ранейшаму затрымліваюць грамадзян, праводзяць ператрусы і ўжываюць іншыя формы ціску на беларусаў. Тэлеграм-чаты і каналы прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і фарміраваннямі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае апошнія факты палітычнага пераследу ў Беларусі. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Мінінфарм абмежавала доступ да сайта «Газеты Слонімскай»

Падставай для блакіроўкі сталі выяўленыя парушэнні заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі ў частцы размяшчэння інфармацыі, распаўсюджванне якой забаронена.

Друкаваная версія «Газеты Слонімскай» і газеты «Отдушина» перасталі выходзіць у свет з 9 лістапада 2020 года. У гэты дзень у выдаўца дома і ў рэдакцыі прайшлі ператрусы, а таксама была канфіскавана ўся тэхніка, паведамляе "Гарадзенская праваабарона".

Сацыяльныя сеткі «Мая Краіна Беларусь» прызналі экстрэмісцкімі матэрыяламі

2 лютага суд Чыгуначнага раёна Гомеля прызнаў адразу восем старонак, у якіх утрымліваецца назва «МАЯ КРАІНА БЕЛАРУСЬ», экстрэмісцкімі. Гэта дзве старонкі «ВКонтакте», старонка ў Instagram, чатыры старонкі ў «Аднакласніках» і старонка ў Facebook. Нагадаем, тэлеграм-канал «МАЯ КРАІНА БЕЛАРУСЬ» быў прызнаны экстрэмісцкім 23 сакавіка мінулага года.

“Экстрэмісцкім фарміраваннем” была прызнана ініцыятыва «Честные люди», а таксама інтэрнэт-рэсурс «Реальная Беларусь».

Па пастановах пракурора Віцебскай вобласці абмежаваны доступ да інтэрнэт-сайтаў «zubr.mеdia» і «хх2022.оrg». Пры даследаванні зместу матэрыялаў, апублікаваных на гэтых сайтах, пракуратурай было ўстаноўлена, што на інтэрнэт-рэсурсах «xx2022.org» і «zubr.media», апублікаваныя недакладныя звесткі аб лютаўскім «рэферэндуме», а таксама незаконныя заклікі да грамадзян краіны псаваць бюлетэні падчас галасавання.

Затрыманне за "зліў" прыватных звестак пра сілавікоў 

З праўладных тэлеграм-каналаў стала вядома пра затрыманне начальніка аддзела распрацоўкі і маркетынгу мабільнага аператара Life. З ім з'явілася «пакаяльнае відэа». Мужчыну вінавацяць у тым, што ён нібыта зліваў прыватныя звесткі сілавікоў і дзяржслужачых адміністратарам «экстрэмісцкіх» тэлеграм-каналаў. Імя і прозвішча мужчыны не называецца.

МУС  паведаміла пра затрыманне ў Бярозе 23-гадовага таксіста з-за ўдзелу ў пратэсных акцыях. Яму ставяць у віну ажно 13 эпізодаў, сярод якіх пашкоджанне некалькіх чырвона-зялёных сцягоў, нанясенне пратэсных надпісаў (напрыклад, "Кара", "Я ведаю што ты зрабіў гэтым летам") на дом міліцыянта і прыпынак, закідванне фарбай і алеем жылых дамоў, крадзеж відэакамер з вуліц. Мужчыне абрана мера стрымання ў відзе заключэння пад варту.

Інфармацыя будзе дапаўняцца.

Крыніца: Расце колькасць "экстрэмісцкіх фарміраванняў", блакуюцца сайты: палітычны пераслед 8-9 лютага