Заява кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” У сувязі з аб'явай аб правядзенні рэферэндуму па зменах і дадатках у Канстытуцыю мы, прадстаўнікі кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары", хочам адзначыць наступнае.

Мы пацвярджаем сваю прыхільнасць пазіцыі беларускіх праваабарончых арганізацый па канстытуцыйнай рэформе, выкладзеную ў адпаведнай заяве ад 23.10.2020 года, і лічым важным працэс рэфармавання Канстытуцыі, у тым ліку дзеля забеспячэння рэальнага падзелу ўладаў, дзеля стварэння дадатковых мераў па абароне правоў чалавека.

На жаль, у апошнія паўтара года замест эфектыўнага дыялогу з людзьмі і грамадзянскай супольнасцю па абмеркаванні прапановаў наконт змены Канстытуцыі, дээскалацыі сітуацыі ў краіне ўлады яшчэ больш раскруцілі махавік рэпрэсій і пераследу іншадумцаў, прынялі пакет драконаўскіх зменаў у заканадаўства. Сітуацыю з асноўнымі правамі і свабодамі, гарантаванымі дзейснай Канстытуцыяй Беларусі і міжнароднымі абавязальніцтвамі краіны, напярэдадні абвешчанага рэферэндуму можна назваць сапраўднай катастрофай. Грамадства знаходзіцца ў атмасферы татальнага страху. Любыя крытычныя заўвагі з'яўляюцца нагодай для пераследу на працы, адвольнага пазбаўлення волі, ужывання гвалту і катаванняў. Шматлікія ўдзельнікі палітычнага працэсу, якія карыстаюцца падтрымкай значнай часткі беларускага грамадства, знаходзяцца ў зняволенні, некаторыя — дэ-факта ў выгнанні з краіны. За апошнія паўтара года краіну пакінулі, ратуючыся ад пераследу, больш за сто тысяч актыўных грамадзян. Разгромленыя незалежныя СМІ, дзясяткі журналістаў знаходзяцца ў зняволенні, сотні — у вымушанай эміграцыі. Сотні арганізацый грамадзянскай супольнасці былі ліквідаваныя, у тым ліку тыя, якія ўдзельнічалі ў выбарчых кампаніях, накіроўвалі назіральнікаў на выбары. У такіх умовах зрабілася немагчымай рэалізацыя прынцыпу народаўладдзя, у тым ліку немагчымы паўнавартасны свабодны і дэмакратычны працэс прыняцця зменаў у Канстытуцыю.

Рэферэндум — гэта не толькі дзень галасавання. Любая свабодная і справядлівая выбарчая кампанія — гэта, найперш, атмасфера, умовы, калі ў поўнай ступені рэалізуюцца правы і свабоды, уключаючы свабоду слова, свабоду мірных сходаў і асацыяцый, права ўдзельнічаць у кіраванні сваёй дзяржавай, свабоду ад дыскрымінацыі. Важную ролю ва ўсталяванні і падтрыманні даверу да працэсу волевыяўлення грамадзянаў і ягоных вынікаў грае магчымасць паўнавартаснага назірання з боку нацыянальных і міжнародных назіральнікаў.

У гэтай сувязі кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" не бачыць магчымасці арганізоўваць, як раней, поўнамаштабнае назіранне за выбарчай кампаніяй, накіроўваць сваіх назіральнікаў у выбарчыя камісіі і на ўчасткі для галасавання падчас правядзення абвешчанага рэферэндуму па прыняцці зменаў і дадаткаў у дзейсную Канстытуцыю. Гэта вымушаная мера, абумоўленая асцярогай за бяспеку назіральнікаў. У той жа час, у сувязі з важкім значэннем дадзенай выбарчай кампаніі для грамадска-палітычных працэсаў, што адбываюцца ў краіне, і ўплывам на правы чалавека, мы абвяшчаем аб запуску экспертнай місіі па назіранні за працэсам правядзення рэферэндуму, прадметам якой будзе ацэнка яго адпаведнасці міжнародным стандартам, што тычацца правядзення сапраўднай, свабоднай і дэмакратычнай выбарчай кампаніі.

Крыніца: Кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" абвясціла аб запуску экспертнай місіі па назіранні за рэферэндумам