Рэпрэсіі супраць беларусаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады працягваюцца. 19 студзеня працягваецца затрыманне грамадзян і правядзенне ператрусаў у іх, ціск на палітвязняў. Тэлеграм-чаты і каналы прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Ціск працягваюць ўжываць і на тых, хто ўжо сядзіць за кратамі. Праваабаронцы «Вясны» збіраюць апошнія факты палітычнага пераследу ў Беларусі. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

 Затрыманая сябра Прэзідыума БСДП Людміла Волкава

Вядома, што сёння па яе на працу прыйшлі праваахоўнікі. Разам з ёй яны накіраваліся да Людмілы дамоў, дзе зладзілі вобшук. Пасля таго, як тэлефон патрапіў у рукі праваахоўнікаў, афіцыйная сімволіка Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі на ТГ-канале была заменена на дзяржаўны герб, а ўсе падпісчыкі ТГ-канала былі выдалены, піша @BSDP_Hramada.

Людміла Волкава.

Увечары стала вядома, што Людміла знаходзіцца на Акрэсціна. Яе абвінавачваюць па арт. 342 КК РБ «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх».

Ператрусы ў сябраў грамадскай арганізацыі «Магілёўскі праваабарончы цэнтр»

Як паведамляе Mayday Team, 18 студзеня супрацоўнікі невядомага сілавога ведамства ў цывільным заявіліся да сябра праўлення МПЦ Аляксандра Паўловіча, аднак нічога не канфіскоўвалі.

Раніцай 19 студзеня сілавікі ўварваліся да члена кантрольна-пагаджальнай камісіі, 82-гадовай Яўгеніі Цюркінай, у якой быў канфіскаваны сістэмны блок камп'ютара. Ніякіх распісак аб адабранні маёмасці ёй не пакінулі, сведкаў на кватэру не запрашалі. Па факце рабавання маёмасці жанчына патэлефанавала ў 102. Па яе выкліку прыбылі два міліцыянты, якія паведамілі, што маёмасць у яе забралі супрацоўнікі міліцыі.

У гэты ж дзень з працы забралі яшчэ аднаго сябра МПЦ, Васіля Ліпскага. Яго завезлі ў ягоную кватэру, якую таксама абшукалі, але нічога не канфіскавалі.

Магілёўскі праваабарончы цэнтр – адзіная ў Беларусі рэгіянальная арганізацыя праваабаронцаў, зарэгістраваная ўладамі. Аднак апошнія паўтара гады МПЦ актыўна не функцыянавала.

Крыніца: Затрыманні і ператрусы: хроніка пераследу 19 студзеня