Алег Мацкевіч Рэпрэсіі супраць беларусаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады працягваюцца. 10-14 студзеня па-ранейшаму затрымлівалі грамадзян і праводзілі ператрусы. Тэлеграм-чаты і каналы прызнавалі экстрэмісцкімі матэрыяламі і фарміраваннямі, у Беларусі з’явіліся новыя палітвязні. Ціск працягваюць ўжіваць і на тых, хто ўжо сядзіць за кратамі. Праваабаронцы «Вясны» збіраюць апошнія факты палітычнага пераследу ў Беларусі.

10 студзеня 

Праваабаронцам стала вядома, што у калоніі ціснуць на палітзняволеную Алену Маўшук. Блізкія хвалююцца за яе жыццё. Жанчыну пазбавілі ўсіх перадач і спатканняў з блізкімі. У нядаўняй тэлефоннай размове з маці яна сказала, што ўсіх любіць, але не вытрымлівае. Палітзняволеная знаходзіцца ў падушаным псіхалагічным стане. Вядома, што ёй перыядычна выпісваюць пакаранні.

«Алена па-ціху трымаецца. Ёй там вельмі цяжка і сумна, у яе там усё вельмі дрэнна. Я думаю, вы павінны разумець, што гэта значыць», — піша на волю з іншай калоніі яе палітзняволены муж Сяргей. Ён раіць дасылаць жонцы лісты першым класам — «тады можа перададуць»,- расказала маці Алены.

Палітзняволеныя Сяргей Маўшук і яго жонка Алена Маўшук — фігуранты «пінскай справы». 30 красавіка суд Маскоўскага раёна Брэста асудзіў Сяргея да 6,5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, а Алену — да 6 гадоў калоніі агульнага рэжыму. На волі ў іх засталіся трое дзяцей, двое з каторых непаўнагадовыя. Адрас для падтрымкі Алены: ПК №24. 247526, вул. Вытворчая, 44, г. п. Зарэчча, Рэчыцкі раён, Гомельская вобласць

Адрас для падтрымкі Сяргея: ПК №8, 211388, Віцебская вобл., г. Орша, вул. Леніна, 195А.

Дзмітрый Падлобнікаў
Дзмітрый Падлобнікаў.

Расія экстрадзіравала на радзіму беларуса Дзмітрыя Падлобнікава. Папярэдне, ён знаходзіцца ў гомельскім СІЗА-3. 25-гадовага хлопца абвінавачваюць у супраціве сілавікам і спробе нанесці ўдары супрацоўніку міліцыі падчас акцыі пратэсту ў дзень прэзідэнцкіх выбараў у Жлобіне. Яму пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі. Раней Еўрапейскі суд па правах чалавека забараніў Расіі выдаваць Падлобнікава Беларусі.

Руслан Слуцкі
Руслан Слуцкі

З'явілася інфармацыя аб тым, што суд над Русланам Слуцкім перанесны з-за прычыны моцных болей у спіне, а яму адмаўляюць у шпіталізацыі. Яму зрабілі ўколы, а суд перанеслі нап невызначаны час. Дарэчы, гэта не першы выклік лекараў. Часам, ён не можа нават падняцца з ложка. Аднак у шпіталізацыі яму было адмоўлена. Раней паведамлялася, што ў Слуцкага выяўленая дабраякасная пухліна мозгу, якая таксама прычыняе яму болі.

Суд над Русланам доўжыцца амаль месяц. Яго абвінавачваюць ў замаху на прывядзенне ў непрыдатнасць чыгуначных шляхоў зносін (ч. 1 арт. 14, ч. 1 арт. 309 КК), а таксама акце тэрарызму (ч. 1 арт. 289 КК).

Алег Канавалаў
Алег Канавалаў

Затрымалі стваральніка ютуб-канала «Трэці Рэгіён Беларусь» Алега Канавалава. Вядома, што Алег у 2020 годзе пераехаў ва Ўкраіну. На навагоднія святы ён прыехаў у Беларусь, дзе і быў затрыманы. Папярэдне, супраць мужчыны распачалі крымінальную справу за распальванне сацыяльнай варожасці.

11 студзеня

У Беларусі +16 новых палітвязняў. Гэта Святлана Каленчыц, Мікіта Дзмітрыеў, Фёдар Жэжэлеў, Антон Лучкін, Аляксандр Гашко, Дзяніс Насура, Святлана Хромава, Яна Хромава, Сяргей Батура, Галіна Сямечка, Антон Драздовіч, Кірыл Малышэнка, Яўген Асіпчык, Алена Лазарчык і Матфей Гаўрыленка. Хто гэтыя людзі і чаму праваабарончыя арганізацыі лічаць іх справы палітычна матываванымі, чытайце тут. Таксама палітычным зняволеным прызнаны журналіст-фрылансер Андрэй Кузнечык.

Алена Гнаўк
Алена Гнаўк

У чарговы раз затрымалі брэсцкую актывістку Алену Гнаўк Як паведамілі Белсат сваякі жанчыны, яна атрымала 15 сутак за парушэнне рэжыму адбывання «хатняй хіміі» і да 25 студзеня будзе знаходзіцца ў Пружанскім ІЧУ.

У Барысаве быў затрыманы праваабаронца Алег Мацкевіч. Дома ў яго правялі ператрус і канфіскавалі ўсю тэхніку. 

Эміль Гусэйнаў
Эміль Гусэйнаў

Стала вядова, што на палітвязня Эміля Гусэйнава ціснуць у калоніі. У сваіх лістах Эміль піша пра ціск з боку адміністрацыі папраўчай калоніі №15. Ён распавёў, што ў лістападзе яго ўтрымлівалі ў ШІЗА 30 сутак. Потым яго змясцілі ў ПКТ (памяшканне камернага тыпу). А ў снежні яго зноў пакаралі 10 суткамі ў штрафным ізалятары. Пры гэтым, тэрмін ШІЗА не залічваецца ў тэрмін ПКТ. У памяшканні камернага тыпу Эміль будзе знаходзіцца да 4 лютага 2022. У гэты перыяд яму забаронена атрымоўваць пасылкі і перадачы, мець званкі і спатканні з роднымі.

Эміля абвінавацілі адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 2 арт. 293, ч.1 арт. 342, ч.1 арт. 363. Крымінальную справу супраць палітвязня ўзбудзілі за падзеі 23 верасня 2020, калі ў Мінску прайшла інаўгурацыя Лукашэнкі. Прысудзілі 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Лісты ў ПКТ не забаронены, таму падтрымайце палітвязня добрымі словамі: ПК №15, 213105, г. Магілёў, п / а.

Антось Жылко
Антось Жылко

Праваабаронцам «Вясны» паведамілі пра затрыманне ў Мінску грамадскага актывіста Антося Жылко. Як паспеў паведаміць знаёмым сам актывіст, сілавікі прыйшлі да яго ў балаклавах. У кватэры з ім таксама была Наталля Пухава.

12 студзеня

Аляксандр Петушкоў
Аляксандр Петушкоў

Аляксандра Петушкова са Слоніма затрымалі супрацоўнікі гродзенскага АМАПу. Пра гэта стала вядома 12 студзеня, калі відэа з ім выклалі праўладныя Telegram-каналы.

"У Telegram-чатах пісаў негатыўную інфармацыю па падзеях, якія адбыліся ў Казахстане: па пратэстных настроях таго, што адбылося ў Казахстане, пра змену ўлады, пра ўвод міратворчага кантынгенту ў Казахстан", – сказаў хлопец на «пакаяным» відэа.

13 студзеня

У Беларусі +9 новых палітвязняў Гэта Аляксандр Гаўрыленка, Аляксандр Нікалаеў, Сяргей Васільеў, Андрэй Каваленка, Мікалай Яромскі, Сяргей Сак, Вячаслаў Смірноў, Наталля Васілевіч і Ягор Леўчык. Хто гэтыя людзі і чаму праваабарончыя арганізацыі лічаць іх справы палітычна матываванымі, чытайце тут. 

Таццяна Саўко
Таццяна Саўко

Затрымалі гарадзенку Таццяну Саўко Паведамляецца, што да жанчыны прыйшлі з ператрусам а шостай раніцы. Папярэдне, яе абвінавачваюць у «распаўсюджванні экстрэмісцкіх матэрыялаў» (19.11 КаАП).

Human Constanta

Улады заблакавалі сайт правабарончай арганізацыі «Human Constanta». Па інфармацыі Генпракуратуры, «на сайце ў свабодным доступе была размешчана недакладная інфармацыя, накіраваная на распаўсюджванне дэструктыўных настрояў у грамадстве, падрыў аўтарытэту дзейнай улады, супрацоўнікаў праваахоўнага блока».

Таццяна Наскова
Таццяна Наскова.

“Гомельская Вясна” паведаміла, што у Жлобіне падчас паездкі ў Жлобін па падазрэнні «ў крадзяжы кашалька» была затрымана жыхарка Светлагорска Таццяна Наскова. Кашалёк пры ёй не знайшлі. Аднак пры даглядзе рэчаў у яе мабільным тэлефоне адшукалі перасланую яшчэ ў мінулым годзе спасылку на матэрыял тэлевізійнага канала, які беларускія ўлады ўключылі ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Месяц таму ў яе кватэры праводзіўся вобшук, падчас якога шукалі грошы і экстрэмісцкія матэрыялы.

Папярэдне, жанчына змешчана ў ізалятар часовага ўтрымання Жлобінскага раённага аддзела ўнутраных спраў. Вядома, што 9 снежня 2020 года ў кватэры Таццяны адбыўся ператрус. Ён праводзіўся па крымінальнай справе, нібыта заведзенай у Мінску: шукалі грошы і штосьці экстрэмісцкае. Аднак нічога з гэтага не выявілі. Таццяна Наскова — медыцынскі тэхнік па прафесіі, пенсіянерка. Падчас прэзідэнцкіх выбараў 2020 года была назіральнікам ад “Аб’яднанай грамадзянскай партыі” у адной з участковых выбарчых камісій у Светлагорску.

Вядома, што 13 студзеня адбыўся суд. За распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, суддзя Інна Шаршнёва 13 студзеня прысудзіла Таццяне Насковай 10 сутак арышту.

Дар'я Царык
Дар'я Царык

У Мінску затрымалі 30-гадовую актывістку і дырэктарку «Генома» Дар’ю Царык. Геном - арганізацыя, якая займаецца дапамогай людзям з рэдкімі генетычнымі нейра-цяглічнымі захворваннямі.

Супрацоўнікі ГУБАЗІКу правялі ў кватэры Царык ператрус, а потым павезлі на допыт. Ужо ў Першамайскім РУУСе на дзяўчыну склалі пратакол па адміністрацыйнай справе, але артыкул пакуль невядомы. Суд над актывісткай адбыўся ў гэты ж дзень. Вынік — 8 сутак адміністрацыйнага арышту.

Вядома, што затрыманая з’яўляецца сяброўкай праўлення арганізацыі “Радзіслава”, якая  дапамагае жанчынам і дзецям, якія сталі ахвярамі хатняга гвалту.

Таксама праваабаронцам стала вядома, што акрамя Дар'і Царык, ператрусы таксама прайшлі ў трох прадстаўніц «Радзіславы». Нагадаем, у лістападзе 2021 года затрымалі былую кіраўніцу «Радзіславы» Вольгу Гарбунову — МУС лічыць, што яна кіравала жаночымі маршамі.

14 студзеня

Стала вядома, штто інфармацыйная прадукцыя магілёўскага telegram-канала «MAYDAY» прызнаная экстрэмісцкімі матэрыяламі. Як вызначылася, такое рашэнне прыняў суд Ленінскага раёна Магілёва 5 студзеня.

Як стала вядома Mspring.media, раніцай 14 студзеня прайшлі ператрусы ў журналіста Барыса Вырвіча ў Бялынічах, дзе ён жыве, а таксама ў фрылансера-відэааператара Яўгена Глушкова. Абодва праходзяць як сведкі па крымінальных справах. Вырвіч — адразу па некалькіх артыкулах: 188, 203, 361 і 369 КК РБ. У Глушкова ператрус пачаўся ў 6:20 раніцы. Была канфіскавана ўся тэхніка, аднак копію пратакола ператрусу фрылансеру не выдалі. Таксама яму пагражалі ІЧУ, калі ён не дасць пароль ад свайго смартфона. Пасля ператрусу Глушкова адвезлі ў міліцыю, дзе дапыталі ў якасці сведкі па крымінальнай справе па арт. 188 КК РБ ("Паклёп").

У рэдакцыю магілёўскага партала 6TV уварваліся сілавікі. Летам там ужо праводзілі ператрус, а таксама неаднаразова затрымлівалі супрацоўнікаў сайта.

MAYDAY паведамляе, што да аднаго з жыхароў Магілева раніцою 14 студзеня ўварваліся узброеныя супрацоўнікі АМАПу. Чалавека, які адчыніў дзверы, адразу паклалі тварам у падлогу. Падпісанты апазналі ў затрыманым журналіста-фрылансера Алеся Сабалеўскага, які на дадзены момант не выходзіць на сувязь.

Крыніца: Хроніка палітычнага пераследу 10-14 студзеня