Леанід Судаленка і Таццяна Ласіца ў судзе. Фота "Гомельская Вясна" Беларускія ўлады павінны неадкладна вызваліць кіраўніка і валанцёрку гомельскага аддзялення Праваабарончага цэнтра "Вясна" — Леаніда Судаленку і Таццяну Ласіцу, заявіла Amnesty International пасля таго, як Гомельскі абласны суд у пятніцу, 14 студзеня, пацвердзіў іх абвінаваўчы прысуд, вынесены судом ніжэйстаячай інстанцыі 3 лістапада 2021 года.

Тады Цэнтральны раённы суд Гомеля асудзіў Судаленку і Ласіцу да трох і двух з паловай гадоў зняволення адпаведна, прызнаўшы іх вінаватымі ў арганізацыі і падрыхтоўцы "дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак". Amnesty International мяркуе, што іх пераследваюць па абсалютна надуманых абвінавачваннях, звязаных з мірнымі пратэстамі ў адказ на парушэнні падчас прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе.

"Леанід Судаленка і Таццяна Ласіца не здзейснілі ніякай міжнароднай прызнанай крымінальнай дзеі, прысуд ім — пакаранне за іх законную праваабарончую дзейнасць, якое разам з крымінальным пераследам іх калегаў па Праваабарончым цэнтры "Вясна" з'яўляецца часткай развязанай уладамі Беларусі кампаніі па знішчэнні грамадзянскай супольнасці і задушэнні асноватворных правоў чалавека ў краіне. Судаленка і Ласіца павінны быць неадкладна і безумоўна вызваленыя", — заявіла дырэктарка Amnesty International па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі Мары Стразерс.

Яна таксама дадала: 

"Беларускія ўлады дзейнічаюць злачынна, праводзячы кампанію запалохвання і фабрыкуючы крымінальныя справы супраць сваіх крытыкаў і тых, хто іх абараняе. Мы патрабуем неадкладнай свабоды для нашых калегаў у Беларусі і для ўсіх, хто пазбаўлены волі за праваабарончую дзейнасць або мірны пратэст".

Леанід Судаленка быў арыштаваны 18 студзеня 2021 года разам са сваёй калегай Марыяй Тарасенка. Праз тры дні яна была вызваленая пад падпіску аб невыяздзе, пасля чаго ў яе атрымалася пакінуць краіну. Таццяна Ласіца была затрыманая 21 студзеня 2021 года ў мінскім аэрапорце пры спробе вылецець з Беларусі ў Літву.

Пераслед Судаленкі і ягоных калегаў з'яўляецца часткай шырокай кампаніі супраць Праваабарончага цэнтра "Вясна" — адной з самых паважаных праваабарончых арганізацый Беларусі. Летась у сакавіку супраць "Вясны" была заведзеная крымінальная справа па надуманым падазрэнні ў "арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак" (арт. 342 КК РБ), пасля чаго былі арыштаваныя ейны кіраўнік Алесь Бяляцкі, ягоныя паплечнікі Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч. Яшчэ раней, 17 верасня 2020 года, была арыштаваная паводле беспадстаўных абвінавачванняў у "арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках" каардынатарка валанцёрскай службы "Вясны" Марфа Рабкова, а 3 кастрычніка 2020 года па справе аб "арганізацыі масавых беспарадкаў" быў узяты пад варту валанцёр "Вясны" Андрэй Чапюк.

У снежні 2021 года ўлады Беларусі адвольна прызналі "экстрэмісцкімі матэрыяламі" публікацыі "Вясны" ў Telegram-канале і сацыяльных сетках.

У першую гадавіну пачатку пераследу супрацоўнікаў "Вясны" 17 верасня 2021 года 20 міжнародных і беларускіх праваабарончых арганізацый абвясцілі аб пачатку кампаніі #FreeViasna з патрабаваннем вызваліць семярых затрыманых сябраў "Вясны".

Крыніца: Amnesty International патрабуе вызвалення Леаніда Судаленкі і Таццяны Ласіцы