Вядучаму бізнэс-аналітыку EPAM і палітычнаму зняволенаму Дзянісу Насуру якраз напярэдадні Новага года, 31 снежня было прад’яўленае абвінавачанне ў у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным ўдзеле у іх па ч.1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса. У той жа дзень ён быў змешчаны пад варту ў СІЗА №1, пакуль на два месяцы. Хаця ў няволі Дзяніс знаходзіцца з 9 снежня.   "Вясна" паразмаўляла з жонкай палітвязня Кацярынай, каб даведацца болей пра самога Дзяніса, а таксама пра падрабязнасці ягонага пераследу.

Дзяніс Насура

 “Паталагічна добрапрыстойны ў працы і сям’і”

Кацярына – украінка, а сваё жыццё з Беларуссю звязала дзякуючы Дзянісу 16 год таму.

Неяк на адной з міжнародных канферэнцый праграмістаў і навукоўцаў у Кіеве яны сустрэліся. Кацярына  нядоўга супраціўлялася абаянню беларуса і пагадзілася пераехаць да яго ў Мінск. Тым больш, іх аб’ядноўвалі і прафесійныя, і навуковыя інтарэсы. Яны разам рыхтавалі кандыдацкія працы. Так узнікла новая сям’я.

І краіна, і горад Кацярыне напачатку спадабаліся: у адрозненне ад багатай у той час на розныя падзеі Украіны, тут было спакойна і ціха, стабільна, адным словам.

Дзяніс шмат працаваў. Знайшоўся занятак і для яе. Каця стала выкладаць праграмаванне ў БДУІРы. Сям’я хутка пачала расці. Зараз у Насуры трое дзяцей… 

Распавядаючы пра Дзяніса, Кацярына адзначае, што праца ў IT-сферы, асабліва калі ты імкнешся нечага дасягнуць, вымагае вельмі шмат часу, укладання і разумовых, і фізічных сіл. Гэта толькі збоку падаецца, што айцішнікі грабуць грошы рыдлёўкай. 

- Дык на сям’ю часу асабліва ў яго не заставалася?, - пытаюся я ў Кацярыны.

- Ні ў якім разе. Дзяніс адказны не толькі ў працы, але і ў сям’і. Два выходныя дні ён цалкам прысвячаў нам, мне і дзецям. Усе разам мы шмат і паўсюль падарожнічалі. У апошні час, з узнікненнем ковідных абмежаванняў, сталі імкнуцца больш вывучаць Беларусь, наведалі практычна ўсе цікавыя мясціны, маленькія гарады і мястэчкі А яшчэ Дзяніс – вялікі аматар рыбалкі, таксама вельмі любіў "ціхае паляванне" ў прыгожых беларускіх лясах. Часам ён жартаваў, называючы сябе “Паталагічна добрапрыстойным”. І гэта было праўдай.

Можна дадаць, што з юнацтва муж захапляўся жывапісам; ягоныя пейзажы і нацюрморты ўпрыгожваюць сцены нашай мінскай кватэры, у якрй зараз засталася толькі адзінокая маці Дзяніса.

Дзяніс Насура з сям'ёй на Нарачы
Дзяніс Насура з сям'ёй на Нарачы.

Прымаў вайсковую прысягу пад бел-чырвона-белым сцягам

Дзяніс Насура да грамадскіх актывістаў ніколі сябе не прылічаў, быў проста грамадзянінам Беларусі, якія шануе і любіць сваю краіну.

“Што прадвызначыла грамадзянскую пазіцыю Дзяніса?”, - распытваю Кацю.

- Ведаеце, яму выпала служыць у сапраўдным беларускім войску. І прысягу ён прымаў пад бел-чырвона-белым сцягам. Таму і да ўсяго нацыянальнага ставіўся з павагай.

Забягаючы наперад прыгадаем, што пад час ператрусу ў кватэры Насуры 9 снежня канфіскавалі сярод іншага сувенірныя памяткі: маленькі б-ч-б сцяжок, бранзалет, дзве налепкі з Пагоняй і тры значкі з нацыянальнай сімволікай.

“Непакоіліся за падзеі ў краіне, пераследу асабліва не чакалі”

Кацярына, крыху ўсхвалявана, узгадвае падзеі дня, якія кардынальна змянілі іх жыццё, падзялілі яго на "да" і "пасля".

Ранкам, 9 снежня, Дзяніс працаваў, як і ўвесь апошні час, дома. Таксама ў кватэры знаходзілася ягоная маці і нашая чатырохгадовая дачка. Нечакана ў дзверы сталі моцна грукаць. Пачуліся крыкі “Ламайце!”. Дзяніс ледзьве паспеў іх адамкнуць.

Рашуча ўвайшло некалькі чалавек, частка з іх узброеныя, у бронежылетах, частка - у цывільным.  Потым даведалася, што некалькі сілавікоў заставаліся яшчэ і ў пад’ездзе.  Адразу адключылі вай-фай у кватэры, забралі тэлефоны, паказалі пастанову на ператрус.

Разам з імі прысутнічалі і панятыя. Адкуль яны і хто – было незразумела.

“Давайце па-добраму”, - Дзяніс папрасіў іх прадставіцца, паказаць дакументы.

Па добраму не атрымалася. Супрацоўнікі міліцыі тут жа ўчапіліся ў яго і апранулі кайданкі, сказалі: “Паедзеш з намі”.

"Мне давялося самой апранаць яму штаны, накідваць на плечы куртку, бо рукі мужа былі скаваныя. Адзінае, што дазволілі – укінуць нешта з рэчаў у пакет. Далей ператрус адбываўся без яго ўдзелу", - распавядая Каця.

Што забароненае трымаеце дома?”

Пад час ператрусу найперш і вельмі старанна праглядалі ўсе паперы Дзяніса, ягоны працоўны стол.

“Ператрус праводзілі ў асноўным у рэчах мужа. Дзіцячыя рэчы, рэчы ягонай маці іх цікавілі не надта. Знайшлі маленькі сцяжок б-ч-б, бранзалет, дзве налепкі з Пагоняй і тры значкі. Канфіскавалі тэлефон і працоўны ноутбук Дзяніса, ягоны планшэт, мой тэлефон, два жорсткія дыскі са стацыянарнага кампутара і некалькі старых флэшак.  Усё гэта потым з’явілася на фота, якое выклалі праўладныя ТГ каналы…”, - узгадвае жанчына.

Пасля ператрусу Кацярыне далі падпісаць папярэджанне аб адказнасці за падпіску на экстрэмісцкія каналы.

Усё гэта адбывалася на вачах у малодшай дачкі Насуры, якая вельмі спалохалася ўзброеных людзей, яна адразу ўсё разумела і адзінае што сказала потым: "Тату забралі”.

Дзяніс Насура з сям'ёй

10 снежня Дзяніса Насуру абвінавацілі ў распаўсюдзе экстрэмісцкіх каналаў па адміністрацыйным артыкуле 19.11 КаАП і асудзілі на 13 сутак арышту. Ён павінен быў выйсці на волю 23 снежня.

“Я чакала на Акрэсціна. У гэты час патэлефанавалі маці Дзяніса і паведамілі, што затрымалі яго яшчэ на 10 сутак. Пакуль я высветліла за што затрымалі і чаму, прайшлі яшчэ суткі. Тады стала вядома, што муж затрыманы па артыкуле 108 Крымінальнага кодэксу па падазрэнні ў здзяйсненні крымінальнага злачынства”, - кажа Кацярына.

31 снежня ёй стала вядома, што Дзянісу прад'явілі абвінавачанне па частцы 1 артыкула 342 КК і абралі меру стрымання  - знаходжанне пад вартай на 2 месяцы.

Праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала Дзяніса Насуру палітычным зняволеным

Postscriptum

Пасля ператрусу 9 снежня Кацярыне далі падпісаць папярэджанне аб адказнасці за падпіску на экстрэмісцкія каналы. Яна разумела, што пагроза затрымання рэальная і для яе таксама. Тым больш, што і яе тэлефон таксама апынуўся ў руках  “спецыялістаў”.

Жанчына прыняла няпростае рашэнне - неадкладна пакінуць Беларусь. Зараз і яна, і дзеці ў небяспецы. Кацярына прызнаецца, што толькі нядаўна ёй перасталі сніцца кашмарныя сны, паволі вяртаецца спакой.

А яшчэ Кацярына вельмі марыць атрымаць хоць нейкія звесткі пра мужа, паколькі напісаць яму пакуль не мае магчымасці.

Падтрымаць Дзяніса лістамі, паштоўкамі, тэлеграмамі і грашовымі пераводамі можна па адрасе: 

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Дзяніс Рычардавіч Насура

Крыніца: “Непакоіліся за падзеі ў краіне, пераследу асабліва не чакалі”: гісторыя палітвязня Дзяніса Насуры