Сёння каардынатарцы Валанцёрскай службы “Вясны” Марфе Рабковай спаўняецца 27 гадоў. Гэта другі яе дзень народзінаў запар, які Марфа сустракае не ў коле сям'і і сяброў, а за кратамі.
Віншаванні для праваабаронцы накіравала яе сімвалічная "хросная" Агнешка Бругер, намесніца кіраўніка парламенцкай групы “Альянс 90/Зялёныя” ў нямецкім Бундэстагу.
"Дарагая Марфа Рабкова,
У твой Дзень нараджэння хачу шчыра павіншаваць цябе і выказаць сваю нязменную салідарнасць з табой. Я засмучаная і абураная, бо ведаю, што ты ў зняволенні і што ты не можаш адзначыць гэты дзень з блізкімі людзьмі. Сёння і штодня я жадаю табе шмат сіл, настойлівасці і здароўя.
Тваё мужнае імкненне да свабоды, свабодных выбараў і дэмакратыі з'яўляецца прыкладам і матывацыяй для многіх людзей па-за межамі Беларусі. Наш абавязак — бесперапынна супрацьстаяць рэжыму Лукашэнкі з яго дзяржаўным гвалтам, карупцыяй і ігнараваннем правоў чалавека.
Я буду працягваць патрабаваць твайго неадкладнага вызвалення і не перастану звяртаць увагу на тваю сітуацыю і твае мужныя намаганні ў справе дэмакратыі ў Беларусі.
Я шчыра спадзяюся, што свой наступны Дзень нараджэння ты зможаш адзначыць на волі.
Я жадаю табе ўсяго найлепшага,Агнешка Бругер"
Праваабаронца Human Constanta Наста Лойка далучылася да віншаванняў палітзняволенай Марфы Рабковай і напісала ёй адкрыты ліст са словамі падтрымкі.
«Ліст у Азкабан 06.01.2022
Дарагая Марфа!
Мы так прызвычаліся камунікаваць тэкстам, але ў гэтым годзе я бы вельмі хацела мець магчымасьць павіншаваць цябе з Днём народзінаў ужывую ці хаця б голасам – адчуваньне, што вельмі шмат хочыцца сказаць.
Мы з табой заўжды так марылі пра лепшае, больш свабоднае грамадзтва, шмат спрачаліся пра тое, з чаго варта пачынаць ці на што зьвяртаць увагу, але гэтае імкненьне заўжды было ў нас агульным. Я бы вельмі хацела, каб гэтая мара і імкненьні не згасалі ніколі – нават ня гледзячы на ўсе выпрабаваньні, якія нам дасылаюць.
Табе за апошнія паўтары гады давялося іх перажыць вель-вельмі шмат. І дэмэнтары і сьцены старога замку забіраюць твае сілы, але веру ў тваю ўнутранае сьвятло і здольнасьць выстаяць праз усё гэта. Зычу, каб добрыя ўспаміны прыходзілі ў самыя цяжкія хвіліны. І каб ніхто не перахапліваў паштовых соваў)
Калі Добі стаў вольным эльфам, тое і мы аднойчы зможам.Да сустрэчы ў судзе і ня толькі.Н.»
Балерына, сыты кот і фемінітывы ў СІЗА. Незвычайныя факты пра Марфу Рабкову
Дасылайце віншаванні Марфе:СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 Марыі Аляксандраўне Рабковай |
Нагадаем, Марфа Рабкова была затрыманая разам з мужам Вадзімам Жаромскім вечарам 17 верасня і дастаўленая ў ГУБАЗіК. У яе кватэры быў праведзены ператрус, вынятая тэхніка, асабістыя грошы і рэчы. У лістападзе 2021 Марфа паведаміла сваякам у лісце, што яе будуць судзіць паводле 11 артыкулаў КК, цяпер ёй пагражае да 20 гадоў зняволення.
У падтрымку Марфы Рабковай і з патрабаваннем яе неадкладнага вызвалення выказаліся міжнародныя праваабарончыя арганізацыі: Amnesty International, Front Line Defenders, Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў.
Крыніца: З Днём Народзінаў, Марфа!