Яшчэ аднаго беларуса судзілі за абразу міліцыянта Войніча 22 снежня суд Рагачоўскага раёна вынес вырак па крымінальнай справе аб абразе прадстаўніка ўлады

Судзілі мясцовага жыхара Аляксандра Кандорскага. Судовае пасяджэнне ўзначальвала суддзя Ірына Прадун. Дзяржабвінаваўца - Папоў.

Вядома, што Аляксандру Кандорскаму 33 гады, ён працуе вадзіцелем-экпедытарам у прыватнай фірме, мае двух дзяцей і вельмі добрыя характарыстыкі.

Справа, па якой асудзілі мужчыну, была распачатая ў Віцебску яшчэ у 2020-м годзе за абразу міліцыянта Войніча, але потым яе перадалі ў Рагачоўскі РОСК.

У кастрычніку мінулага года пад відэа пра разгон мірнай акцыі, якое у сваім пасце ў Аднакласніках размясціла Вольга Карач, Аляксандр аставіў каментар «на кол». Усяго пад тым пастом людзі напісалі 1870 негатыўных каментароў пра дзеянні міліцыянта Войніча. І гэта ўжо далека не першая справа, па якой ён праходзіць пацярпелым.

Каментар Аляксандра Кандорскага адправілі на лінгвістычную экспертызу. Па яе выніках высветлілася, што ў ім «няма элементаў агрэсіі і закліку да гвалту». Падчас суда абвінавачаны сказаў, што той свой каментар ён напісаў на эмоцыях.

Пацярпелага міліцыянта Войніча падчас суда апыталі па скайпе. Пра тое відэа і пра свае дзеянні на ім ён сказаў так: «Я выконваў загад. Быў несанкцыянаваны мітынг, і нам загадалі яго разагнаць».

Войніч дадаў, што каментар Аляксандра Кандорскага прычыніў яму «крыўду, сорам, горыч, абурэнне». У выніку, па словах міліцыянта, яму нават прыйшлося звярнуцца па дапамогу да псіхолага. Пацярпелы заявіў, што ў якасці маральнай кампенсацыі за абразу ён патрабуе 1500 рублёў.

Дзяржабвінаваўца палічыў што ў адносінах да Войніча было здзейснена злачынства «выяўленае ва ўзбуджэнні палітычнай варожасці». У пасяджэнні быў аб'яўлены невылікі перапынак, пасля чаго прысуд абвінавачанаму вынеслі на выяздным пасяджэнні суда ў будынку РАУСа.

Аляксандра Кандорскага прызналі вінным ў здзяйсненні злачынства па арт. 369 «Абраза прадстаўніка ўлады» і прысудзілі два гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую установу адкрытага тыпу.

Крыніца: Два гады «хіміі» за каментар «на кол». Яшчэ аднаго беларуса судзілі за абразу міліцыянта Войніча