Дзмітрый Дубоўскі, Ігар Аліневіч, Дзмітрый Рэзановіч і Сяргей Раманаў у судзе. Фота Ганны Няфёдавай 22 снежня ў Мінскім абласным судзе агучылі прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да анархістаў Дзмітрыя Дубоўскага, Дзмітрыя Рэзановіча, Ігара Аліневіча і Сяргея Раманава.

Іх вінавацілі па шэрагу артыкулаў за падпал службовых аўтамабіляў, будынка ДАІ і дзяржаўнага камітэта экспертыз у Гомельскай вобласці:Іх вінавацілі па шэрагу артыкулаў за падпал службовых аўтамабіляў, будынка ДАІ і дзяржаўнага камітэта экспертыз у Гомельскай вобласці:

  • ч. 2 арт. 289 — акт тэрарызму;
  • ч. 2 і ч. 4 арт. 295 — незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў;

Дубоўскага і Аліневіча таксама і па ч. 1 арт. 333-1 — незаконнае перамяшчэнне праз мяжу забароненых рэчываў, агнястрэльнай зброі і выбуховых прыладаў.

Сам суд з першага пасяджэння адбываўся ў закрытым рэжыме праз абарону персанальных дадзеных трох пацярпелых, якія праходзяць па справе, а абвінавачаныя Аліневіч, Рэзановіч і Раманаў адмовіліся прымаць удзел у працэсе.

Суддзя Валерый Тулейка прызнаў анархістаў вінаватымі і пакараў іх наступнымі тэрмінамі:

  • Дзмітрыю Дубоўскаму — 18 гадоў пазбаўлення волі;
  • Дзмітрыю Рэзановічу19 гадоў пазбаўлення волі;
  • Ігару Аліневічу і Сяргею Раманаву — 20 гадоў пазбаўлення волі.

Тэлеграм-канал “Права на паўстанне” прыводзіць словы Дзмітрыя Дубоўскага з ліста ад 1 снежня:

“Таварышы ўсе з нашай каманды ў добрым настроі, вельмі хацелі выступіць з апошнім словам у прысутнасці Вас, родных і блізкіх, таварышаў, але на жаль, судзілішча ёсць судзілішча... сорамна ім выстаўляць усё гэта на паказ, як адзначаў раней, там ёсць цікавыя моманты, і было б добра, калі б гэта бачылі і іншыя. Зрэшты, што тут ужо казаць. Маем тое, што маем!

Дарэчы, падрыхтаваў вельмі годнае "апошняе слова" (не падабаецца мне гэтая фармулёўка, апошняе), але баюся, што не дадуць цалкам выказацца, але і няма каму гэта казаць... суд жа закрыты.

Усім прывітанне, хто з намі і за нас!!! Усё будзе добра!"

Падтрымаць анархістаў лістамі і паштоўкамі можна па адрасе:

СІЗА-1, вул. Валадарскага, 2, г. Мінск, 220030

Дубоўскаму Дзмітрыю Мікалаевічу

Аліневічу Ігару Уладзіміравічу

Раманаву Сяргею Аляксандравічу

Рэзановічу Дзмітрыю Рыгоравічу 

Крыніца: Ад 18 да 20 гадоў: у Мінску вынеслі прысуды анарха-партызанам