Улетку 2020 году назіральніка за выбарамі Сяргея Мярненку затрымлівалі некалькі разоў. Тройчы яго каралі адміністрацыйным арыштам, цягалі на допыты, расшуквалі па сваяках і знаёмых. А некалькі тыдняў таму запрасілі сведкам па крымінальнай справе ягонага сябра па пратэстным артыкуле.
Адчуўшы рэальную небяспеку, Сяргей Мярненка звярнуўся ў візавы цэнтр Польшчы ў Магілёве. Аднак праз некаторы час мужчыну выклікалі ў Аршанскі ГАУС і паказалі раздрукоўку ягонага ліста з просьбай выдаць яму гуманітарную візу. Найверагодней, фота ліста было зроблена з камеры відэаназірання.
Супрацоўнікі міліцыі папярэдзілі актывіста, што гэты зварот можа стаць падставай для завядзення крымінальнай справы паводле арт. 356 КК РБ («Здрада Радзіме»), які прадугледжвае вышэйшую меру пакарання.
Самому Мярненку пагражалі дубінкай і кастэтам, казалі, што гэта яго чакае, калі ён адмовіцца распавядаць пра ліст на відэакамеру. Пасля таго, як "сілавікі" прыехалі да ягонай маці з ператрусам, актывіст з’ехаў з Беларусі. Зараз Сяргей Мярненка знаходзіцца ў бяспецы.
Віталь Кажух