Кандыдат у дэпутаты па Віцебскай-Чкалаўскай выбарчай акрузе №18 Аляксандар Мікулін накіраваў заяву ў ЦВК з прапановай адмяніць рэгістрацыю кандыдатам Міхаілу Волкаву ў сувязі з парушэньнямі ім заканадаўства. Мікулін паведаміў у ЦВК, што зарэгістраваны кандыдат Волкаў утойвае сваю прыналежнасьць да дэпутацкага корпусу Віцебскага абласнога Савету, бо на агітацыйных плякатах не падае ў аўтабіяграфічных зьвестках факт выбраньня яго ў дзейны склад Савету. На партрэце Волкава адсутнічае нават дэпутацкі значак.

 

Кандыдат у дэпутаты па Віцебскай-Чкалаўскай выбарчай акрузе №18 Аляксандар Мікулін праводзіў 13 верасьня дзень інфармаваньня насельніцтва. Ва ўпраўленьні сьледчага камітэту па Віцебскай вобласьці агітаваць яму забаранілі. “На стэндзе ў сьледчых не было аніякай інфармацыі пра зарэгістраваных кандыдатаў. Але разьмясьціць сваю агітацыйную прадукцыю нам забаранілі. Спаслаліся на загад кіраўніцтва. Маўляў, на тэрыторыі сьледчага камітэту выбарчы закон ня дзейнічае. Аднак супрацоўнікі камітэту ўлёткі ўзялі і зь цікавасьцю азнаёміліся са зьместам”, – распавёў “Дыялёгу” кандыдат Мікулін.

 

Давераная асоба гарадоцкага кандыдата ў дэпутаты Леаніда Аўтухова Кастусь Мардзьвінцаў накіраваў скаргу ў суд Чыгуначнага раёну Віцебску на рашэньне Віцебскага райвыканкаму аб забароне агітацыйнага пікету ў вёсцы Буяны. Кастусь Мардзьвінцаў 6 верасьня апавясьціў райвыканкам аб сваім намеры як даверанай асобы кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Віцебскай сельскай выбарчай акрузе №21 зладзіць 10 верасьня пікетаваньне ў вёсцы Буяны Віцебскага раёну. Але ўжо на наступны дзень атрымаў паперу з адмовай у правядзеньні пікету.

 

11 верасьня прайшла сустрэча з выбарцамі кандыдата ў дэпутаты парлямэнту па Віцебскай-Чкалаўскай выбарчай акрузе №18 Аляксея Гаўруцікава. У сустрэчы, якая ладзілася ў актавай залі віцебскай СШ № 45, бралі ўдзел ягоныя давераныя асобы Аляксандар Мілінкевіч, Алена Фаміна і Сяргей Парсюкевіч. Ролю вядоўцы выконваў яшчэ адзін кандыдат у дэпутаты - Хрыстафор Жаляпаў.

 

У чацьвер 6 верасьня на віцебскага апазыцыянэра Барыса Хамайду, які на рагу “сіняга дому” на вуліцы Леніна ў Віцебску распаўсюджваў незалежную прэсу, быў складзены адміністрацыйны пратакол. Хамайду абвінавацілі ў тым, што ён парушыў грамадзкі парадак, схапіўшы за руку загадчыцу прадуктовай крамы “Веста”.