Аршанскія апазыцыйныя кандыдаты правялі супольны агітацыйны пікет каля Дому культуры чыгуначнікаў. Падтрымаць актывіста кампаніі «Гавары праўду» Канстанціна Анташкевіча прыехаў Уладзімер Някляеў. Але аршанцы пераважна праходзілі міма ці нават абыходзілі пікетоўцаў.

Каардынатарка аргкамітэту па стварэньні БХД Тацьцяна Севярынец і актывістка таго ж аргкамітэту Алена Шабуня спрабавалі аспрэчыць нерэгістрацыю іх у якасьці кандыдатаў – давесьці, што выбаршчыкаў падманулі, прымусіўшы прызнаць свае подпісы за вылучэньне апазыцыянэрак несапраўднымі. Суд не заўважыў у падмане нейкага парушэньня.

Кандыдат у дэпутаты райсавету і аблсавету Ігар Казьмерчак перадаў для друку макет ўласнай перадвыбарнай ўлёткі. Нічога не прадвяшчала праблем. Але празь некаторы час кандыдату ператэлефанавалі з аршанскай друкарні і паведамілі, што ня могуць зрабіць наклад улётак, пакуль з райвыканкаму не дашлюць ліст, якім дазволяць друк.

Жыхары Віцебску, што падпісаліся за вылучэньне кандыдатамі ў дэпутаты актывістаў “Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі” Тацьцяны Севярынец і Алены Шабуні, пацьвярджаюць сапраўднасьць сваіх подпісаў, якія ў выбарчай камісіі прызналі нібыта несапраўднымі, і кажуць, што прадстаўнікі выбарчых камісіяў іх ашукалі.

Усяго ў Віцебскай вобласьці на 3218 дэпутацкіх мандатаў у абласны, раённыя, гарадзкія, пасялковыя і сельскія саветы прэтэндуюць 3453 кандыдатаў. У іх ліку 4,7% складаюць грамадзяне да 30 гадоў (161), дэпутаты дзеючага скліканьня - 51,8% (1778), жанчын - 47% (1622) і 3 грамадзяніна Расеі.