Аўторак, 20 Люты 2024

Напярэдатні “выбараў” у Глыбокім актывізаваліся члены “Белай Русі”

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Пад час пікету Пад час пікету

Як піша сайт глыбоцкай раёнкі “Веснік Глыбоччыны”, члены партыі “Белая Русь” арганізавалі пікет у падтрымку кандыдата ў дэпутаты Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў па Глыбоцкай выбарчай акрузе №23. І зноў выданне не агучвае прозвішча гэтага кандыдата. Навошта яго ведаць чытачам і патэнцыйным выбарцам, бо  ўлады і так прызначаць туды таго, каго трэба? А ўсё астатняе – гэта фарс і спроба легалізацыі так званых выбараў.

Як вядома на Глыбоцкай выбарчай акрузе №23 зарэгістраваныя два кандыдаты. Адзін з іх  Александр  Аляхновіч – ваенрук «Корабоўскай сярэдняй школы Глыбоцкага раёна імя Р.І. Мацеюна» з сярэдне-спецыяльнай адукацыяй, старшыня Глыбоцкай раённай грамадскай арганізацыі "Беларускі саюз афіцэраў”, якая амаль нікому невядомая на Глыбоччыне. Другі, якога хутчэй за ўсё і прызначаць улады ў Віцебскі абласны савет, –  гэта Алег Апяцёнак – дырэктар філіяла "Глыбоцкія электрычныя сеткі" РУП "Віцебскэнерга", старшыня Глыбоцкага філіяла партыі "Белая Русь". Ён мае вышэйшую адукацыю.

“Праца давераных асоб і членаў партыі выклікала цікавасць у мінакоў. Людзі падыходзілі да арганізатараў пікету, каб пазнаёміцца з перадвыбарчай праграмай кандыдата”, - піша глыбоцкая раёнка.

Толькі вось ні на адным здымку, якія апублікавала выданне, не бачна, каб масава падыходзілі людзі і цікавіліся. На фота ў асноўным члены “Белай Русі”, працаўнікі выканкама, лякарні, брсмаўцы, старшыні сельскіх саветаў ды іншыя чыноўнікі.

Нагадаем, у Беларусі вядзецца актыўная падрыхтоўка да так званага Адзінага дня галасавання, які адбудзецца ўжо ў наступную нядзелю, 25 лютага. Ладзяцца не толькі пікеты за праўладных кандыдатаў, але і зачышчаецца прадэмакратычнае  беларускае грамадства, якое яшчэ можа выказаць сваё сапраўднае меркаванне, да таго што адбываецца ў краіне.

На выбарчых участках будуць дзяжурыць ва ўзмоцненым рэжыме ўзброеныя сілавікі і будзе весціся відэаназіранне.

Ларыса Кротава