Чацвер, 23 Ліпень 2015

У Віцебску распачаўся збор подпісаў за вылучэньне кандыдатаў у прэзыдэнты (фота)

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Кожная ініцыятыўная група па вылучэньні кандыдатаў у прэзыдэнты да 21 жніўня мусіць сабраць і падаць у выбарчыя камісіі сама меней 100 тысяч подпісаў. Згодна з каляндарным плянам арганізацыйных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзеньні выбараў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, этап збору подпісаў распачаўся 23 ліпеня, і ў першы ж дзень  у Віцебску прайшоў шэраг пікетаў па зборы подпісаў.

З апазыцыйных структур першымі свае пікеты ў Віцебску выставілі прадстаўнікі  партыі «Справядлівы сьвет», якія зьбіраюць подпісы ў падтрымку свайго партыйнага лідэра Сяргея Калякіна, ды прыхільнікі Тацьцяны Караткевіч, кандыдата ад кааліцыі «Народны рэфэрэндум». Але самымі актыўнымі аказаліся сябры ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі.

За Лукашэнку агітуюць прадстаўнікі рэспубліканскіх грамадзкіх аб'яднаньняў «Белая Русь» і БРСМ, а таксама афіцыйныя прафсаюзы. Іхныя пікеты былі заўважаныя ў розных месцах гораду: у мікрараёне Білева, ля Ратушы, на плошчы Свабоды, ля ўваходу ў банк «Масква-Мінск», што побач з «Марка-Сіці». Актывісты праўладных структур, што зьбіраюць подпісы, кажуць, што задаволены тым, як людзі падпісваюцца за дзейнага кіраўніка дзяржавы.

За Тацьцяну Караткевіч зьбірала подпісы ля «Сіняга дому» каардынатар штабу патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Лідзія Сагідуліна. Паводле яе словаў, у іх сабралася добрая каманда, якая гатовая актыўна працаваць, і выказала надзею, што ім удасца сабраць сама меней 25 тысяч подпісаў на Віцебшчыне.

Ля «Сіняга дому» зьбіралі подпісы і актывісты партыі «Справядлівы сьвет». Яшчэ адзін пікет «Справядлівага сьвету» быў выстаўлены на Смаленскай плошчы. Разам са сваімі паплечнікамі подпісы зьбіраў і кіраўнік абласной партыйнай арганізацыі Мікалай Селівашка, які падзяліўся сваімі ўражаньнямі ад пачатку збору подпісаў:

«Сёньня мы распачалі ў Віцебску збор подпісаў за нашага кандыдата Сяргея Калякіна на двух выстаўленых намі пікетах. Я таксама вырашыў паназіраць за гэтым працэсам на пікеце, выстаўленым насупраць амфітэатру, дзе праходзіць «Славянскі базар». Месца не выпадковае, вельмі люднае. Першыя назіраньні: людзі падыходзяць, цікавяцца, задаюць пытаньні, некаторыя ставяць подпісы, але, вядома, ня кожны носіць з сабой пашпарт і таму нямногія маюць магчымасьць ўласнаручна расьпісацца ў падпісным аркушы. Таму за сорак хвілін сабралі ўсяго паўтара дзясятку подпісаў. Некаторыя, праўда, абяцаюць падысьці пазьней, ужо з пашпартам. Па вялікім рахунку, мы разумеем, што асноўная задача гэткіх пікетаў – ня збор подпісаў, а разагрэў электарату, абуджэньне іх ад летаргічнага сну абыякавасьці да палітычнага працэсу, часткай якога выбары і зьяўляюцца».

Віцебская вясна