Аўторак, 12 Лістапад 2019

У Віцебску пачалося датэрміновае галасаваньне: пакуль што млява – фота

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

У Віцебску, як і ва ўсёй краіне, 12 лістапада а 10-й раніцы адчыніліся ўчасткі для датэрміновага галасаваньня на выбарах дэпутатаў у ніжнюю палату беларускага парлямэнту. «Віцебская Вясна» паназірала, як стартавала галасаваньне на тыповым участку №4 Віцебскай-Чыгуначнай выбарчай акругі №19.

Участковая выбарчая камісія ўчастку №4 арганізаваная па вытворчаму прынцыпу і складаецца з 13 чалавек. У яе складзе – 7 працаўнікоў будаўнічага трэсту №9. А на чале камісіі – сам генэральны дырэктар трэсту Уладзімер Ленчыкаў. Астатнія сябры камісіі – гэта пэнсіянэры, супрацоўнікі СШ №2 ды іншых прадпрыемстваў гораду.

Старшыня камісіі Уладзімер Ленчыкаў

Да пачатку датэрміновага галасаваньня камісія зарэгістравала 7 назіральнікаў – прадстаўнікоў дзяржаўных грамадзкіх аб'яднаньняў і прафсаюзаў.

Кіраўніцтва ўчастковай камісіі паведаміла, што міжнародныя назіральнікі іх яшчэ не наведвалі і зь іхняй працай не знаёміліся.

Як расказаў назіральнік ад праваабарончай арганізацыі «Беларускі Хэльсынскі камітэт» Леанід Сьвецік, інтэнсіўнасьць галасаваньня выбаршчыкаў у першы дзень была слабая. Гэтак, за першую гадзіну датэрмінова прагаласавалі толькі чатыры чалавекі. Усе – мужчыны. Жанчыны ў першай палове дня наогул не прыходзілі на ўчастак.

Першыя выбарцы на ўчастку датэрміновага галасаваньня

Паводле сакратара выбарчай камісіі Юліі Казловай, галасаваць па-за ўчасткам выказалі жаданьне аж 140 выбарцаў. Гэта 20% ад агульнай колькасьці выбаршчыкаў на гэтым участку (усяго – 787).

Назіральнік выказвае сумненьні наконт таго, ці ў камісіі хопіць рэсурсаў для забесьпячэньня галасаваньня такой вялікай колькасьці ахвотных галасаваць дома.

Лявон Яфрэменка, фота аўтара

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.