Спадар Алесь, неўзабаве ў нашай краіне павінны прайсьці парлямэнцкія і прэзыдэнцкія выбары. Ці плянуеце Вы браць у гэтых кампаніях актыўны палітычны ўдзел?
Мяне абралі першым намесьнікам старшыні руху «За свабоду». Я зьяўляюся намесьнікам Юрася Губарэвіча. І ў рамках таго, што будзе Юрась мне дэлегаваць, буду працаваць. Буду актыўна працаваць. У тым ліку я адказны за міжнародную дзейнасьць. У першую чаргу за міжнародную дзейнасьць. І па меры магчымасьці буду дапамагаць у іншых справах. Я сам не пляную балятавацца. Я буду падтрымліваць Юрася Губарэвіча. Я лічу яго вельмі вартым і добрым кандыдатам. І лічу, што ў яго вялікая будучыня. Вялікая палітычная будучыня. І будзе правільна, будзе слушна яго падтрымаць.
А наогул, ці маеце Вы права балятавацца? На якой стадыі ваша крымінальная справа? Яе закрылі?
Мая крымінальная справа зьяўляецца прыпыненай, то бок яна не закрытая. Гэта значыць, што яна можа быць ізноў адноўленая ў любы момант. Мой прававы статус – я зьяўляюся абвінавачаным паводле крымінальнай справы па масавых беспарадках 2010 году. Але пры гэтым няма рашэньня суду, які прызнаў мяне вінаватым. Гэта значыць, што мае правы такія ж самыя, як і правы кожнага іншага грамадзяніна, і ніякім чынам не абмежаваныя. І я маю права балятавацца. Проста я лічу, што на цяперашнім этапе Юрась Губарэвіч, безумоўна, нашмат больш вартая кандыдатура за мяне.
Гэта Вы кажаце пра прэзыдэнцкія выбары. А на парлямэнцкія мяркуеце вылучаць сваю кандыдатуру?
На парлямэнцкія выбары – паглядзім. Усё залежыць ад таго, ці будуць гэта рэальныя выбары, ці будуць нейкія рэальныя падставы меркаваць, што будзе падлік галасоў.
А якія-небудзь захады робіце, каб Ваша справа была закрытая?
Я пэрыядычна пішу хадайніцтвы сьледчаму і пэрыядычна атрымліваю адказ, што нічога не зьмянілася, – таму справа супраць мяне ня спыненая.
Пытаньне трошкі зь іншай тэмы: наконт расейска-беларускіх адносін. Зараз усё больш людзей кажуць пра магчымае аб'яднаньне Расеі і Беларусі, асабліва з расейскага боку часта пра гэта кажуць. А як Вы мяркуеце, наколькі гэта магчыма?
На вялікі жаль, Расея зьяўляецца вельмі непрадказальнай. І ўсе мы бачым па сытуацыі ў Крыме, што магчыма ўсё. Пра Крым шмат разоў казалі, што нікому ён не патрэбны, што гэта Ўкраіна, і ніхто забіраць яго ня будзе. І пасьля сілавым варыянтам забралі яго. Таму я мяркую, што падставы непакоіцца ёсьць.
Уладзімер Бяляўскі