Важнасьць зьезду абумоўленая тым фактам, што на ім павінны прайсьці выбары новага кіраўніка партыі. Дзейны кіраўнік, Аляксей Янукевіч, згодна з партыйным статутам ня можа больш прэтэндаваць на гэтую пасаду. Для многіх эўрапейскіх партыяў абмежаваньне тэрміну знаходжаньня на пасадзе кіраўніка зьяўляецца распаўсюджанай практыкай, але не для Беларусі. Партыя БНФ, якая ўсталявала ліміт на кіраваньне, зьяўляецца рэдкім выключэньнем.
У якасьці гасьцей на сходзе ў Віцебску прысутнічалі кіраўнік партыі Аляксей Янукевіч, старшыня палітычнай арганізацыі «Моладзь БНФ» Юры Лукашэвіч, а таксама прэтэндэнты на пасаду кіраўніка партыі Ігар Лялькоў і Вольга Дамаскіна.
На пачатку сходу ўсе прыежджыя госьці выступілі з прамовамі, у якіх кожны стараўся данесьці да прысутных сваю пазыцыю і падзяліцца сваімі поглядамі.
Напрыклад, Аляксей Янукевіч, паспрабаваў акрэсьліць бягучую палітычную сытуацыю ў краіне.
На яго думку, сягоньня асноўнай пагрозай для краіны і дэмакратычнай супольнасьці зьяўляецца магчымасьць страты беларускай незалежнасьці. Прамоўца назваў выклікам той дыялог, які Лукашэнка навязаў Захаду, бо пасьля падзеяў ва Ўкраіне ён перастаў быць для палітыкаў Эўразьвязу «апошнім дыктатарам Эўропы», і яны цяпер выстройваюць зь ім стасункі, нягледзячы ні на што. Таксама не забыўся кіраўнік партыі даць сваю нэгатыўную ацэнку расейска-беларускім вучэньням. На яго думку, гэтыя вучэньні зьяўляюцца ня чым іншым, як адпрацоўкай мэтадаў вядзеньня вайны супраць Беларусі.
Пасьля выступу гасьцей прайшла галоўная частка сходу – выбары, дзеля якіх усе і сабраліся.
Па выніках выбараў у Менск на зьезд ад гарадзкой арганізацыі паедуць 9 дэлегатаў, многія зь якіх яшчэ ня вызначыліся, за каго яны будуць галасаваць.
Таксама, згодна з парадкам дня сходу, прайшлі выбары кіраўніка Віцебскай гарадзкой арганізацыі партыі і сябраў гарадзкой рады. У выніку галасаваньня была сфармаваная рада з 5 сябраў партыі, кіраўніком віцебскай арганізацыі быў абраны Валер Паўлоцкі, а яго намесьнікам – Аляксандар Ільінец.
https://viciebskspring.org/news/vybary/item/2460-u-vitsebsku-prajshou-pazachargovy-vybarny-skhod-partyi-bnf#sigProIdd70eb2c3e0
Уладзімер Бяляўскі