Нядзеля, 11 Верасень 2016

Ірына Яскевіч: На месцы майго пікету школа ладзіла сьвята на карысьць іншага кандыдата

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Ірына Яскевіч Ірына Яскевіч

На месцы, замоўленым віцебскай кандыдаткай Ірынай Яскевіч для агітацыйнага пікету, школа, што побач, ладзіла імпрэзу ў падтрымку іншага кандыдата.

Непрадказальна скончылася памкненьне віцебскай кандыдаткі ад АГП зладзіць агітацыйны пікет у загадзя замоўлены час. На агітацыйнай пляцоўцы яна ўбачыла ўдзельнікаў імпрэзы, арганізаванай школай. Праўда, “дзіцячае сьвята” было аформленае перадвыбарчымі заклікамі і наяўнасьцю каманды праўладнага канкурэнта.

9 верасьня Ірына Яскевіч вырашыла выкарыстаць апошнюю гадзіну свайго апошняга агітацыйнага пікету, бо часу на вулічную агітацыю ёй і так амаль не засталося – і час, і вызначаныя месцы ўжо былі пазайманыя канкурэнтамі. Таму а 15:00 яна зьявілася на агітацыйнай пляцоўцы па вуліцы Праўды, каб да 16:00 правесьці агітацыйны пікет.

“Пляцоўка аказалася занятая. Настаўнікі мне патлумачылі, што сьвята з мастацкай самадзейнасьцю плянавалася ў школе, аднак яго загадалі перанесьці на вуліцу. І якраз да 15-й гадзіны ў двары раставілі сталы з кірмашом саматужных вырабаў, на сцэне зьявілася гукаўзмацняльнае абсталяваньне, а пасьля распачаўся канцэрт. Арганізатары прынесьлі і вялікі банэр са словамі “Нам важны ваш выбар”.

“Калі на пляцоўцы зьявілася прадстаўніца Кастрычніцкай раённай адміністрацыі, я сказала, што маю права на гадзінны пікет. Яна мусіла пагадзіцца і стала назіраць, што я буду рабіць. Магчыма, ад мяне чакалі скандалу і правакавалі знарок, але я вырашыла зрабіць інакш”, – распавяла кандыдатка па 20-й Кастрычніцкай выбарчай акрузе.

Спадарыня Яскевіч патлумачыла арганізатарам сытуацыю – што ня хоча псаваць сьвята ні дзецям, ні іх бацькам, якія сабраліся на агітпляцоўцы. А таму прапанавала, што зойме адзін кут сцэны, каб вывесіць там свае плякаты і сьцяг АГП. Пярэчыць ёй ніхто ня стаў, бо гэта было б незаконна.

“Я выйшла на сцэну і сказала літаральна некалькі слоў, зьвяртаючыся да дарослых гледачоў. Што віншую іх з пачаткам навучальнага году, што я – кандыдат у дэпутаты, і што таксама люблю дзіцячыя сьвяты. Удзельнікі маёй ініцыятыўнай групы раздалі ўлёткі, а далей канцэрт праходзіў на сцэне, аздобленай сьцягам АГП і маімі плякатамі”, – распавяла Ірына Яскевіч.

Прадстаўніца ідэалягічнага аддзелу спрабавала запярэчыць: маўляў, сьцяг і ўлёткі псуюць афармленьне сцэны, загадала іх зьняць. Аднак кандыдатка сказала: “Калі хочаце, здымайце самі. Я ня буду псаваць сьвята скандалам. Але гэта будзе парушэньне, я ўсё сфатаграфую і буду скардзіцца”. Сьцяг і плякаты Ірына Яскевіч зьняла толькі па сканчэньні замоўленага часу пікетаваньня.

“Мне на карысьць прыдаўся нават банер, падрыхтаваны да агітацыі за дзейнага дэпутата Аляксандра Цацоху. Дарэчы, прадстаўнікі ягонай ініцытыўнай групы зьявіліся на імпрэзу ў саколках зь імем і прозьвішчам свайго “шэфа”, што выклікала рогат у гледачоў – калі яны убачылі адразу некалькі “Цацохаў”. Яна кажуць, што цішоткі для “каманды” зрабілі фундатары – “Белая Русь”. І што характэрна, падобныя цішоткі я бачыла ў ініцыятыўных груп яшчэ некалькіх праўладных кандыдатаў”, – распавяла спадарыня Ірына.

Што яшчэ яе ўразіла – дык тое, што Аляксандар Цацоха падышоў да яе падчас пікету і сказаў, што рады знаёмству зь ёй, бо Ірына Яскевіч – вядомы лідэр віцебскага дый агульнабеларускага прадпрымальніцкага руху. Маўляў, гэта дапаможа яму глыбей разьбірацца ў праблемах прадпрымальнікаў падчас працы ў парлямэнце. Выходзіць, ён ні на макулінку не сумняецца, што будзе туды абраны.

spring96.org

2 камэнтары