Згодна з матэрыяламі справы, Валеру Аркадзьевічу ставілася ў віну абраза памочніка пракурора Віцебску, юрыста 2-га кляса Сяргея Сініцкага, які ня змог уцямна растлумачыць яму, на якой законнай падставе ўлады выключылі яго зь сяброў участковай выбарчай камісіі.
Была праведзеная праверка на наяўнасьць у дзеяньнях праваабаронцы складу правапарушэньня, прадугледжанага артыкулам 23.5 Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэньнях – абраза службовай асобы пры выкананьні службовых паўнамоцтваў. У межах неабходных працэсуальных дзеяньняў быў апытаны і сам Валер Місьнікаў. Праваабаронца патлумачыў, што, сапраўды, у пачатку верасьня 2015 году, знаходзячыся на асабістым прыёме ў памочніка пракурора Сініцкага, ён не атрымаў зразумелага адказу на пастаўленае ім пытаньне, расцаніў паводзіны пракурорскага работніка як недапушчальныя і ўжыў пры гэтым слова «неадэкватны». Прычым Місьнікаў растлумачыў прадстаўніку пракурорскай улады, чаму ён выкарыстаў менавіта гэтае слова, і што яно не нясе прыкметаў абразы ў кантэксьце іх стусункаў.
Тым ня менш спадар Сініцкі данёс пра здарэньне свайму непасрэднаму начальніку – пракурору гораду Віцебску старшаму саветніку юстыцыі Юрыю Раманоўскаму, а той, у сваю чаргу, паведаміў пра інцыдэнт начальніку АУС Чыгуначнага раёну Віцебску палкоўніку міліцыі Аляксандру Чарняўскаму. Пракурор гораду палічыў, што Місьнікаў нанёс яго падначаленаму Сініцкаму ў вуснай форме абразу, замахнуўся на яго гонар і годнасьць, і прасіў работнікаў міліцыі расьсьледаваць гэтую справу ў рамках існуючага заканадаўства.
Падчас вядзеньня адміністрацыйнага працэсу Валер Місьнікаў заявіў хадайніцтва аб правядзеньні лінгвістычнай экспэртызы, якая дала б навуковую ацэнку ягоным словам на прадмет наяўнасьці ў іх ненарматыўнай лексыкі, непрыстойнай формы.
Экспэртызу было даручана правесьці намесьніку дырэктара па навуковай працы сталічнай Дзяржаўнай навуковай установы «Цэнтар дасьледаваньняў беларускай культуры, мовы і літаратуры» доктару філялягічных навук, прафэсару Аляксандру Лукашанцу.
Заключэньне экспэртызы, якое паступіла ў адрас АУС адміністрацыі Чыгуначнага раёну Віцебску, абвяшчае: «Словы "неадэкватны", "нездаровы", "ненармальны" не належаць да непрыстойнай (ненарматыўнай) лексікі. У словах "неадэкватны", "нездаровы", "ненармальны" адсутнічаюць лінгвістычныя прыкметы абразьлівасьці, наўмыснага прыніжэньня гонару і годнасьці асобы. Беспадстаўнае (нематываванае) ужываньне слова «нездаровы» (у значэньнях Псыхічна хворы, Хто паводзіць сябе непрыстойнай чынам: дзіўны) у адрас канкрэтнай асобы можа быць успрынятае апошняй як абразьлівае».
У пастанове аб спыненьні справы аб адміністрацыйным правапарушэньні гаворыцца: «З заключэньня экспэрта вынікае, што сытуацыя зносін і моўны кантэкст (у пратаколе апытаньня гр. Місьнікава В.А. дастаткова выразна растлумачана, чаму і ў якім значэньні ім выкарыстаныя словы "неадэкватны", "нездаровы", "ненармальны") не даюць дастатковых падстаў лічыць словы "неадэкватны", "нездаровы", "ненармальны" абразьлівымі, зьневажаюць гонар і годнасьць гр. Сініцкага С.В.»
Валера Аркадзьевіча можна толькі павіншаваць з маленькай, але важкай перамогай у справе ўстанаўленьня законнасьці і справядлівасьці падчас разгляду адміністрацыйнага правапарушэньня. Ён спадзяецца, што гэтая гісторыя будзе добрым урокам для супрацоўнікаў пракуратуры, і падчас парлямэнцкіх выбараў – 2016 яны будуць стаяць на баку закону.
«Я ўсё рабіў дзеля таго, каб наступныя выбары прайшлі ў строгай адпаведнасьці зь літарай закону, каб пракуроры адэкватна выконвалі свае службовыя абавязкі і прыціналі ўсе парушэньні выбарчага заканадаўства, якія будуць дапушчаныя», – падсумаваў Валер Місьнікаў.
Лявон Яфрэменка, Віцебская вясна