Спадарыня Тацяна, як Вы мяркуеце, што зьяўляецца прычынай такога ўпартага нежаданьня ўладаў рэгістраваць БХД?
«Беларускую хрысьціянскую дэмакратыю» ўлады не рэгіструюць ані як партыю, ані як рух. Акром таго, у рэгіёнах праігнараваныя некалькі дзясяткаў спробаў рэгістрацыі хрысьціянска-дэмакратычных аб’яднаньняў. Рэч у тым, што ўсе, ад каго залежыць рэгістрацыя, відаць, добра запомнілі даўнюю заяву кіраўніка дзяржавы, што «БХД ня будзе зарэгістраваная ніколі» – не дапамагае ні зьняцьце санкцыяў, ні чарговы пэрыяд лібэралізацыі ў стасунках з Захадам.
Ведаеце, улада мае вельмі шмат мэханізмаў узьдзеяньня на простага чалавека, каб знайсьці фармальныя падставы для адмовы ў рэгістрацыі. Калі на працу да пэнсіянэркі (сяброўкі БХД), якая вельмі баіцца згубіць крыніцу дадатковага заробку – бо пэнсіі ў нас мізэрныя – прыходзяць два чалавекі з Усьпенкі і выклікаюць на размову, то вынік прадказальны – чалавек адмаўляецца ад свайго подпісу...
Аднак не рэгіструюць нас найперш з тае прычыны, што мы займаем вельмі актыўную грамадзянскую пазыцыю. Нашы кампаніі «Народны дэпутат» і «Народны кантроль» не засталіся незаўважанымі.
Цяжка з Вамі не пагадзіцца: на тле палітычнай і сацыяльнай апатыі ў краіне дзейнасьць вашых актывістаў не застаецца незаўважанай. Распавядзіце, калі ласка, нашым чытачам пра свае справы і дасягненьні.
У Віцебску з 2010 году ідзе актыўная праца з гараджанамі па актуальных сацыяльных праблемах: асьвятленьне вуліц, новыя маршруты і паляпшэньне руху грамадзкага транспарту, арганізацыя роварных дарожак, вырашэньне лёсу разбуранага будынку «Будтрэсту №9», які на працягу дзесяці год пераходзіў з рук у рукі. Ёсьць на нашым рахунку і ўдзел у агульнанацыянальных кампаніях у падтрымку прадпрымальнікаў, у абарону жыцьця, у забарону рэклямы алькаголю на тэлебачаньні…Цяпер ідзе збор подпісаў за зручны пераход на вуліцы Акцёраў Яроменкаў і паляпшэньне руху аўтобусу №33. І, як паказвае досьвед, хаця і не адразу, але ў рэшце рэшт улада вымушаная з намі лічыцца.
З 2014 году мы ўшчыльную заняліся станам мэдыцыны. Арганізавалі ініцыятыву «Якасная мэдыцына ў Віцебску для ўсіх» і распачалі збор подпісаў за пабудову паліклінічнага комплексу ў Білеве. Мікрараён, узьведзены на грошы падаткаплатнікаў, зьдзіўляе амаль поўнай адсутнасьцю сацыяльных выгодаў, сярод якіх маюцца хіба што толькі крамы, пабудаваныя на грошы прыватнікаў. Адсутнасьць паліклінікі для трыццацітысячнага насельніцтва Білева-1, Білева-2 і Білева-3 зьяўляецца найвялікшай праблемай.
На сёньняшні дзень пляцоўкі, адведзеныя пад сацыяльныя аб'екты, цалкам занядбаныя. Там паўсюль конь не валяўся: хмызьняк заняў месца школкі, пліты пакіданыя ў катлаван, стаіць вада. Дзіцячы садок будуецца з чырвонай цэглы, але ж спецыялісты кажуць, што дастаткова аднаго сэзону, каб цэгла пачала рассыпаўся ў друз, нават пры ягонай кансэрвацыі поліэтыленам. Падобнае разбурэньне адбываецца і з паліклінікай на Поўдні-7, якая не будуецца з 2010 году.
Калі чыноўнікі кажуць: «Няма грошай», «Так атрымалася», і пры гэтым ня маюць ніякага ўцямнага тлумачэньня прычынаў такога стану, то хіба перад намі дзяржаўныя асобы? Гэта выпадковыя людзі на сваіх пасадах, якія ня маюць адказнасьці ні за што.
Нядаўна мы задалі гарадзкім дэпутатам пытаньне: «Дзе грошы на паліклінічны комплекс у Білеве?» І ведаеце, што пачулі ў адказ? – «А яго пабудова наогул не плянавалася...»
З паведамленьняў у сродках масавай інфармацыі вядома, што БХД возьме ўдзел у сёлетніх парлямэнцкіх выбарах. Якія мэты вы перад сабой ставіце?
На сёлетнія парлямэнцкія выбары мы ідзём у складзе права-цэнтрысцкай кааліцыі. Асабіста мы мяркуем вылучыць па Віцебскай вобласьці шэсьць кандыдатаў у дэпутаты, два зь іх – па Віцебску.
Зразумела, выбараў няма, але мы скарыстаемся з афіцыйнай магчымасьці больш шчыльнай працы зь людзьмі, бо праблемаў шмат ня толькі па Білеўскай выбарчай акрузе. Дарэчы, я перагледзела праграму цяперашняга дэпутата Міхала Волкава. Там канкрэтна вядзецца пра паскарэньне пабудовы і паліклінічнага комплексу, і дзіцячага садку, і школы ў Білеве, і паліклінікі ў мікрараёне Поўдзень-7… Але ж ніводная з гэтых праблемаў ня вырашаная, ніводзін пункт ня выкананы...
Дарэчы, надоечы я паспрабавала запісацца на сустрэчу з дэпутатам і зьвярнулася ў яго прыёмную. Памочніца, пачуўшы пытаньні, якія я хачу закрануць, адразу напружылася і запэўніла, што дэпутат іх добра ведае і трымае пад кантролем. Празь дзень яна ператэлефанавала і выказала меркаваньне, што, мабыць, дэпутат мяне ня прыме, бо я пражываю ў іншай выбарчай акрузе. Але ж як ён можа не прыняць сваіх выбарцаў, зь якімі я да яго прыйду?
Скарыстоўваючы рэдкую магчымасьць дазволеных зносінаў з выбарцамі, мы паспрабуем правесьці карысную перадвыбарную кампанію. Я таксама мяркую вылучыцца кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, але, беручы пад увагу маю актыўную грамадзянскую пазыцыю, ужо цяпер больш чым перакананая, што мяне не зарэгіструюць.
С. Горкі