Панядзелак, 28 Лістапад 2016

Першая ў Віцебскай вобласьці катэдра праваслаўнай літаратуры адкрылася ў Лёзьне

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

На Віцебшчыне з ініцыятывы кіраўніка Смаленскай епархіяльнай камісіі па праваслаўных бібліятэках і катэдрах праваслаўнай літаратуры протаіярэя Міхаіла Гаравога зьявілася першая ў вобласьці катэдра праваслаўнай літаратуры. Адкрылі яе ў Лёзьне.

У цырымоніі адкрыцьця зь беларускага боку ўзялі ўдзел старшыня раённага Савету дэпутатаў, намесьнік кіраўніка райвыканкаму, прадстаўнік Віцебскай епархіі і інш.; з расейскага – кіраўнік аддзелу культуры Руднянскага раёну, дырэктар сярэдняй школы №1 Рудні і інш.

У сваёй прамове айцец Міхаіл падкрэсьліў, што гэтая катэдра мусіць стаць цэнтрам духоўна-маральнага і патрыятычнага выхаваньня новага пакаленьня. Тут змогуць знайсьці ўсю неабходную літаратуру тыя, хто цікавіцца краязнаўствам, гісторыяй праваслаўных цэркваў, духоўным багацьцем хрысьціянскіх сьвятаў. Акрамя таго, ён спадзяецца, што зь цягам часу запрацуе лекторый, дзе будзе весьціся абмеркаваньне праваслаўных фільмаў і кніг.

Сакратар Віцебскай епархіі протаіярэй Уладзімер Разановіч зрабіў націск на важнасьці памятаць пра свае карані і вытокі. Ён сказаў, што нават пры разьвіцьці навукі і тэхналёгіяў, сучаснымі распрацоўкамі якіх мэтазгодна карыстацца, трэба не забывацца на традыцыі, якія дайшлі да нас скрозь стагодзьдзі.

Акрамя віншавальных прамоў прысутных цырымонію адкрыцьця аздобіла невялічкая канцэртная праграма.

Лізавета Золатнава