Серада, 19 Кастрычнік 2022

У Віцебску прапагандыст Азаронак "прамыў" мазгі будучым медыкам

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

У рамках рэспубліканскага праекта "Будзь у тэме" 18 кастрычніка ў Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце прайшла дыялогавая пляцоўка з удзелам тэлевядучага, журналіста, прапагандыста Рыгора Азаронка і намесніка старшыні РГА "Белая Русь" Андрэя Басака. На сустрэчы прысутнічала не менш за 400 спецыяльна адабраных адміністрацыяй ВНУ маладых людзей. Галоўная мэта праекта - вярнуць давер моладзі да афіцыйных СМІ і дзяржаўнай прапаганды. 

Па ініцыятыве Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Белая Русь" сумесна з ЗАТ "Сталічнае тэлебачанне" праект быў запушчаны ў верасні 2022 года і рэалізуецца ў форме дыялогу беларускага тэлевядучага, журналіста і прапагандыста Рыгора Азаронка са студэнтамі і школьнікамі старэйшых класаў.  

Мэта прыезду ў Віцебск прапагандыста была прадстаўлена як "даведацца, што хвалюе моладзь і патлумачыць ёй моманты, якія з'яўляюцца спрэчнымі і неадназначнымі". 

«Я прыехаў на Віцебшчыну з асаблівым настроем, можна сказаць, з трапятаннем, бо гэта і мая малая радзіма, сам я з Лепеля» - шчыра прызнаўся на аўдыторыю Азаронак. 

Дзяржпрапагандыст паведаміў прысутным пра тое, што ідзе сусветная інфармацыйная вайна, таму трэба крытычна ставіцца да заяваў палітыкаў, экспертаў і ўсялякага кшталту «экстрэмістаў».

Азаронак распавёў пра вайну ва Украіне і падзяліўся сваімі ўражаннямі з прысутнымі, якія ён атрымаў уваходзе паездак у зону баявых дзеянняў. 

Прадстаўнік «Белай Русь» Басак адзначыў, што ў моладзі ёсць запыт на дыялог і атрыманне дакладнай інфармацыі. На ягоную думку, маладым людзям цяжка арыентавацца ў масе супярэчлівай інфармацыі. Ім трэба па-бацькоўску пазначыць, як і дзе атрымаць праўдзівыя адказы на пытанні. Ён настойліва навязваў будучым медыкам думку аб тым, што адзінай крыніцай дакладнай інфармацыі з'яўляюцца беларускія дзяржаўныя СМІ.

Падчас дыялогу пытанні спікерам паступалі самыя розныя. Яны датычыліся палітычнай абстаноўкі, інфармацыйнай сітуацыі ў сацыяльных сетках і месэнджарах, а таксама студэнты пацікавіліся, да якой літаратуры трэба звярнуцца, каб правільна арыентавацца ў бягучых падзеях. 

Віталь Кажух