Таксама мясцовая газета напісала пра сустрэчы міністра Уладзімір Пярцоў з калектывам «раёнкі» і «моладзевым ідэалагічным актывам раёну». Што гэта за структура і чаму сустрэча адбывалася ў культурна-аздараўленчым цэнтры, таксама застаецца незразумелым. Затое вядома, якія рэкамендацыі даў міністр інфармацыі СМІ Віцебшчыны.
Магчыма, роздумы пра «нядобранадзейныя сем’і» прывялі Уладзіміра Пярцова да думкі, што «аўдыторыя, асабліва моладзь, пераходзіць у лічбавы асяродак і спажывае навіны з розных інтэрнэт-крыніцаў». Таму ён загадаў рэгіянальным СМІ больш актыўна ствараць прывабны інтэрнэт-кантэнт і «камунікацыйныя каналы са спажыўцамі інфармацыі».
Аднак, сутыкнуўшыся з тым, што цяперашні кадравы склад «раёнак» наўрад ці здольны эфектыўна працаваць у інтэрнэт-прасторы, міністр інфармацыі загаварыў пра неабходнасць рэформаў. Маўляў, калі СМІ не спраўляюцца з выклікамі сучаснасці, “то мы будем их либо объединять, либо присоединять к более крупным, чтобы и дизайн, и верстка, и работа в цифровых средах делалась на аутсорсинге более подготовленными редакциями, имеющими соответствующих специалистов, технологии и понимание, как работает эта новая среда, для того чтобы информацию проводить не только в печатных СМИ, но и во всех остальных современных коммуникационных средах, где сегодня присутствует наш человек”.
Пра ўзровень сённяшніх “раёнак” можна меркаваць хаця б па працы сайта лёзненскай газеты: адзін з матэрыялаў пра візіт міністра інфармацыі пададзены ўсяго толькі фотаздымкам, прычым без подпісу. Што павінны зразумець чытач, які бачыць пяцёх чалавек у прэзідыуме нейкага пасяджэння, меркаваць цяжка.
Што да аб’яднання раённых газет, то гаворка пра гэта ішла яшчэ на пачатку красавіка на выязной калегіі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкаму. Тады было прапанавана правесці «аптымізацыю» і зліквідаваць самыя «адсталыя» «раёнкі»: рэдакцыю газеты «Жыццё Прыдзвіння» (Віцебскі раён) аб’яднаць з гарадской газетай«Віцьбічы», раённыя газеты Дубровенскага раёну – «Дняпроўская праўда», Расонскага – «Голас Расоншчыны» і Шаркаўшчынскага – «Кліч Радзімы», як самыя стратныя, увесці ў холдынг на базе рэдакцыі абласной газеты «Віцебскія весці», ды правесці скарачэнне штатаў газет «Лепельскі край» (Лепельскі раён) і «Чырвоны прамень» (Чашніцкі раён).
Пакуль нічога з гэтых прапановаў не выканана, і цяпер міністр інфармацыі загадаў, каб стратныя выданні з дэфіцытам кваліфікаваных кадраў тэрмінова ператварыліся ў сучасныя і цікавыя інтэрнэт- рэсурсы.
Феліцыян Красоўскі