«Віцебская трыбуна» было зарэгістраваная 13 сакавіка 2001 году рашэннем Віцебскага аблвыканкаму. А ўжо 15 лютага 2004 году ўлады пазбавілі ліцэнзіі газету «Віцебская трыбуна» – у той час адзінае недзяржаўнае выданне ў Воршы і Аршанскім раёне.
Як пісалі ў той час праваабарончыя выданні, «пра пазбаўленні ліцэнзіі калектыў рэдакцыі даведаўся, калі прыйшоў час аднаўляць дамову з друкарняй». Паведамлялася, што ў друкарню дакумент аб пазбаўленні ліцэнзіі прыйшоў поштай яшчэ ў сярэдзіне лютага, аднак рэдактару «Віцебскай трыбуны» Сяргею Серабра аб пазбаўленні ліцэнзіі не паведамілі. Тым самым пазбавіўшы яго права абскардзіць адпаведную пастанову Міністэрства інфармацыі ў судзе.
Міністэрства патлумачыла, што падставай для пазбаўлення ліцэнзіі была ліквідацыя заснавальніка выдання – Віцебскага Цэнтру моладзевых ініцыятыў «Контур».
Але «Контур» быў ліквідаваны яшчэ ў 2003 годзе, а пастанова аб пазбаўленні ліцэнзіі з'явілася толькі праз сем месяцаў. На думку рэдактара газеты, выданне пазбавілі ліцэнзіі за падтрымку акцыі пратэсту віцебскіх прадпрымальнікаў: на сайце газеты змяшчалася хроніка іх галадоўкі, фотаздымкі ды іншыя матэрыялы. Галадоўка доўжылася з 2 па 14 лютага і роўна праз дзень пасля гэтага ліцэнзія «Віцебскай трыбуны» была скасаваная.
Цягам 17 гадоў, паводле нейкіх дзіўных бюракратычных законаў, установа «Рэдакцыя газеты «Віцебская трыбуна» не была закрытая. І толькі зараз, калі ў краіне адбываецца татальнае знішчэнне незалежных СМІ і сектара недзяржаўных грамадскіх арганізацый, улады ліквідавалі і рэдакцыю газеты «Віцебская трыбуна».
Міхась Кажух